Разгляд гучнай карупцыйнай «справы Уцюрына» пачаўся

Гучнай справе – вялікая зала. У памяшканні суда Маскоўскага раёну Менску Вярхоўны Суд пачаў разгляд справы пра больш як паўтара мільёна долараў хабараў. 16 чалавек абвінавачаныя ў карупцыі пры пастаўках у Беларусь тэлекамунікацыйнага абсталявання.

Васьмёра бізнесоўцаў на лаве падсудных за даванне хабару, а васьмёра прадстаўнікоў дзяржаўных структураў – за атрыманне. Пяцёра абвінавачаных прызналі віну і заключылі ўгоду са следствам.

«Звычайная схема, калі хапаюць прадпрымальнікаў ці бізнесоўцаў, якія тут жа ідуць на супрацу са следствам, дамагаюцца атрымання так званага дасудовага пагаднення, у выніку чаго іхная мера пакарання будзе значна меншая», – каментуе журналіст выдання «Сильные Новости» Віктар Федаровіч.

З 16 падсудных 12 пад вартаю. Яшчэ чацвёра сядзелі на першай лаве ў зале суда. У тых, хто атрымаў хабар, сканфіскавалі больш за паўтара мільёна долараў, 60 тысяч еўраў і 1 кілаграм золата.

«Што датычыць самога працэсу, безумоўна, ён будзе зацяжны. Вось мы ў зале пачулі, што 47 тамоў крымінальнай справы. Што датычыць непасрэдна фабулы працэсу, то тут для мяне нічога здзіўляльнага няма, звычайная дзяржзакупка», – кажа Віктар Федаровіч.

Але Віктар Федаровіч адзначыў, што гучнасць справе надае прысутнасць на лаве экс-намесніка дзяржсакратара Савету бяспекі ды былога кіраўніка аховы прэзідэнта Андрэя Уцюрына, якога вінавацяць у атрыманні хабараў на прыблізна 200 тысяч долараў. Мужчыну затрымалі 21 красавіка 2019 года.

«Напэўна, гады два, а мабыць, паўтара ён быў пад кантролем. Чаму? Фактаў там была купа, але маё патрабаванне было жалезабетоннае: чалавек, які мае індульгенцыю ад прэзідэнта, павінен быць затрыманы пад падазрэнне і іншае толькі пры наяўнасці жалезабетонных доказаў», – казаў Аляксандр Лукашэнка ў траўні 2019 года.

Кіраўнік Беларусі між іншым зняпраўдзіў чуткі, што Уцюрына арыштавалі за тое, што нібыта чыноўнік зліваў інфармацыю расейскімі спецслужбам – ФСБ і Федэральнай службе аховы.

«190 тысяч грошай – гэта для нас з вамі велічэзныя грошы, а для беларускіх чыноўнікаў – гэта так сабе. Нейкі штогадовы прыбытак чыноўніка сярэдняй рукі. Таму не выключаю, што тут ёсць і расейскі след. Другое, што пачалася выбарчая кампанія, і Лукашэнка мусіць дэманстраваць не толькі на словах, але і на справе, што ён усё ж такі змагар з карупцыяй», – аналізуе палітык Анатоль Лябедзька.

На сённяшнім паседжанні Уцюрын папрасіў зрабіць суд над ім закрытым, каб не было агучвання дзяржаўных таямніцаў. Але ж хадайніцтва суддзя не задаволіў.

«Падкрэсліваю: Лукашэнку патрэбен публічны працэс як для першай версіі, якую я агучыў, расейскі след, так і для версіі, што пачалася выбарчая кампанія. Гэта азначае, што тут павінна быць максімальная адкрытасць і суровасць беларускай улады», – каментуе Анатоль Лябедзька.

Наступнае паседжанне адбудзецца 11 сакавіка таксама ў зале суда Маскоўскага раёну. Сёння ж сваю віну ў атрыманні хабару прызналі Панамароў, Сівадзедаў, Каспяровіч і Падгорны, у даванні – Броўка. Калі віну дакажуць, тым, хто даваў хабар, пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі, тым, хто атрымаў, – да 15. У тым ліку і былому кіраўніку аховы Лукашэнкі Андрэю Уцюрыну.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»

Глядзі таксама