«Рассельгаснагляд» пачаў новую харчовую вайну супраць Беларусі


«Рассельгаснагляд» апублікаваў «чорны спіс» з амаль ста беларускіх прадпрыемстваў, 34 з якіх маюць ветэрынарна-санітарны статус з «узмоцненым лабараторным кантролем», 26 – папярэджанне – ды яшчэ 36, да якіх кантрольнае ведамства мае адмысловыя патрабаванні.

Спіс не канчатковы

«Пуцін хоча, каб Лукашэнка перакрыў гэтыя каналы, а беларускі бок не прызнае наяўнасць гэтых каналаў рээкспарту, таму Расея вымушаная ціснуць на Беларусь вось такім чынам», – даводзіць Іна Гармель, журналістка «Agrolive.by».

Акурат з сёння «Рассельгаснагляд» увёў часовыя абмежаванні на пастаўку ў Расею прадукцыі з яшчэ трох беларускіх прадпрыемстваў – «Мясапрадукт», «Ружовы кіт» і Мясны двор «Тарасава». А 22-га траўня быў зацверджаны ўзмоцнены лабараторны кантроль, які датычыць прадукцыі дзевяці айчынных мяса-малочных прадпрыемстваў. З такімі захадамі расейскага боку не згодны былы прэм’ер Беларусі, сябра калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Сяргей Сідорскі, які ў інтэрв’ю нашаму тэлеканалу заявіў наступнае.

«Галоўнае – прадукцыя прадаецца і цэніцца пакупнікамі. І гэта бачна, бо беларуская прадукцыя цягам дня, двух, трох дзён фактычна не змяняецца ў складзе кансістэнцыі. Адчыняеш іншы прадукт, імпартны – там ужо сываратка і палова банкі стаіць з адстоем. Вось дзе праблему трэба глядзець, а не лавіць блох там, дзе іх няма», – упэўнены былы прэм’ер-міністр.

Паездка Лукашэнкі ў Кітай раздражняе Маскву?

Асабліва заўважныя, кажучы словамі былога прэм’ера, блохі, сталі пасля візіту кіраўніка Беларусі ў Кітай. Хоць яшчэ два дні таму міністр сельскай гаспадаркі Расеі Аляксандр Ткачоў па выніках перамоваў з беларускім бокам паведаміў, што Масква зняла забароны на пастаўкі з двух мясных і сямі малочных беларускіх прадпрыемстваў, і цягам тыдня-дзесяці дзён мусіць адбыцца наступны этап перамоваў, каб зняць і іншыя забароны. Паводле экспертаў, гэткая гульня Лукашэнкі з кітайскімі рынкамі – празрысты пасыл Крамля кіраўніку Беларусі.

«Калі ўлічваць, што падчас візіту Лукашэнкі ў Кітай разглядаліся два пытанні – гэта інвеставанне адной з буйных кітайскіх карпарацыяў, тую ж малочку, і другое – пра допуск беларускай ялавічыны на беларускі рынак, гэта лёгка ўвязаць з тымі мерамі, якія прымае Расея», – кажа спадарыня Гармель.

Яшчэ ў лютым Аляксандр Лукашэнка звінаваціў ува ўсіх харчовых бедах кіраўніка «Рассельгаснагляду» Сяргея Данкверта ды загадаў айчынным праваахоўнікам адзець на яго кайданкі за нанясенне шкоды Беларусі. Што праўда, Крэмль на гэта таксама мае сваё меркаванне: днямі Генпракуратура Расеі апублікавала адказ на запыт цэнтру «Трансперенси Интернешнл – Россия», не знайшоўшы аніякіх камерцыйных інтарэсаў расейскага чыноўніка ў абмежаваннях паставак беларускай прадукцыі.

Віталь Бабін, «Белсат», фота: Viktor Drachev / TASS / Fourm