Расея заплаціць больш за транзіт нафты


Адпаведнае пагадненне заключылі прадстаўнікі ўрадаў Беларусі і Расеі. Ці кампенсуе павышэнне тарыфаў страты, якія Менск панёс у выніку нядаўняй аварыі на нафтаправодзе «Дружба»? І ці ўрэшце назвалі ўлады Беларусі суму гэтых стратаў?

З 1 верасня Менск павысіць тарыф на транспартаванне расейскай нафты на 3,7 адсоткі. Адна з прычынаў, як паведаміў «Белнафтахім», – неабходнасць кампенсаваць даходы, недаатрыманыя праз скарачэнне транзіту расейскай нафты. Вось толькі ці дастаткова будзе гэтага павышэння?

«Разлік папярэдні ідзе, што сума кампенсацыі будзе вышэйшая за 100 мільёнаў долараў. А тое, што ўзгоднена паміж расейскім і беларускім бокам (гэтае павышэнне тарыфаў на транзіт на 3,7 %), – гэта, паводле падлікаў, дае нам 5–6 мільёнаў долараў, не больш», – распавядае эканаміст Барыс Жаліба.

І нават гэтыя сціплыя грошы – не кампенсацыя за нядаўнюю аварыю на нафтаправодзе «Дружба», заявіла прэс-служба кампаніі «Транснефть»:

«Перамовы на тэму павышэння тарыфаў пачаліся пасля ліста нашых беларускіх партнёраў у сакавіку. Мы тады не дамовіліся з нашымі беларускімі партнёрамі. Яны прасілі павышэння на 23 %, і перамоўная пляцоўка перайшла на ўзровень федэральных антыманапольных службаў».

Беларускі ўчастак нафтаправоду «Дружба», у які кампанія «Транснефть» запампавала забруджаную нафту, быў заблакаваны ў красавіку. У выніку аварыі, як заявіла «Гомельтранснафта Дружба», Беларусь сёлета прапампуе на захад на 9 мільёнаў тонаў менш, чым летась, і на 19 мільёнаў тонаў менш, чым планавала. Недаатрыманая выручка можа сягаць 100 мільёнаў долараў. І гэта – не ўсе страты.

«Якія страты панесла абсталяванне? Якія страты прынесла адпампоўванне назад у Расею забруджанай нафты? Ну і часткова палітычнае – падлікі розныя!» – гаворыць эканаміст Барыс Жаліба.

Падлікі, сапраўды, розныя. Беларускі ўрад жадае, каб «Транснефть» заплаціла 100 мільёнаў долараў за тое, што Наваполацкі НПЗ больш як два месяцы працаваў на палову сваёй магутнасці. Яшчэ 30 мільёнаў долараў патрэбныя Мазырскаму НПЗ, каб адрамантаваць сапсаванае бруднаю нафтай абсталяванне. Аднак кампенсаваць недаатрыманую Менскам выгаду «Транснефть» не збіраецца.

«Мы хочам, каб усе страты, якія панёс беларускі бок, былі дакументальна пацверджаныя. […] Калі нашая прапанова кампенсацыі не падабаецца, то можна казаць не пра выплату кампенсацыі намі, а пра зварот у суд», – адказала прэс-служба кампаніі «Транснефть».

Шанцы, што Беларусь атрымае кампенсацыю на сотні мільёнаў долараў, – слабыя, мяркуе эканаміст Яраслаў Раманчук (Даследчы цэнтр Мізэса):

«Калі б у кантракце было прапісана, што і як, то тады можна было б палічыць суму кампенсацыі. А паколькі гэтага няма, то кожны бок стаіць на сваім».

За забруджанне самага доўгага нафтаправоду свету Следчы камітэт Расеі распачаў крымінальную справу. Пад хатні арышт пасадзілі некалькіх працаўнікоў вузла зліву нафты ў Самарскай вобласці. Перамовы аб кампенсацыі «Транснефть» будзе весці да канца лета.

Аляксандр Папко, belsat.eu