Расея ўводзіць забарону на прадукцыю амаль усіх беларускіх малочных заводаў


Адною рукою гладзіць, другою б’е. Толькі «Рассельгаснагляд» зняў татальную забарону на пастаўкі ў Расею з Беларусі сухога і разліўнога малака ў тарах больш за 2,5 літры, як увёў новае абмежаванне. З сёння пад санкцыі трапіла тая ж прадукцыя амаль усіх беларускіх малочных заводаў.

Станіслаў Івашкевіч, эканамічны аглядальнік «Белсату»:

«Абмежаванні на наліўное малако ў дачыненні 37 прадпрыемстваў. У Беларусі каля 40 малочных прадпрыемстваў. Таму гэта, па вялікім рахунку, тое на тое».

Пра адмену татальнай забароны паставак у Расею беларускага малака прэм’еры краінаў Дзмітрый Мядзведзеў і Сяргей Румас дамовіліся ў красавіку. Аднак узамен сектаральных санкцыяў – у пэўнай галіне вытворчасці – Расея пастанавіла блакаваць канкрэтныя малочныя прадпрыемствы, калі тыя не здолеюць пацвердзіць сертыфікацыі бяспекі тавару. То бок патрабаванні цяпер не да складу прадукцыі, а да метадаў вытворчасці.

«Усе малочныя тавары з Беларусі вельмі смачныя, думаю, там гэтая індустрыяй лепш развітая, чымся ў нас».

– Вы купляеце беларускую малочную прадукцыю?

– Не заўсёды якасная, але набываю, праўда.

«Палітыка, толькі палітыка. Не раз набываў гэтую прадукцыю, прэтэнзіяў і нараканняў няма, не горш, чымся ў іншых вытворцаў, абсалютна задаволены».

«Беларускія прадукты вельмі добрыя, бо яны сочаць за гэтым. У нас, на жаль, часам выкідваеш тавар», – кажуць жыхары Масквы.

Пакуль абмежаванні датычаць толькі разліўнога і сухога малака, аднак астатнюю малочную прадукцыю экспартаваць мы можам.

Тым не менш страты для Беларусі ўжо складуць дзясяткі мільёнаў долараў, адзначае эканамічны аглядальнік Станіслаў Івашкевіч. Да таго ж праз нібыта парушэнні фітасанітарных нормаў «Рассельгаснагляд» абмежаваў экспарт мясной прадукцыі з чатырох беларускіх прадпрыемстваў. Яшчэ тром мяса-малочным заводам з гэтае ж прычыны забараняюць экспарт з 10 траўня.

Аляксандр Ярашук, эканаміст, старшыня БКДП:

«Расея прыняла прынцыповае рашэнне для сябе ў 2014 годзе вяртаць сабе страчаныя пазіцыі на ўласным рынку. Вось. І менавіта ў гэтым рэчышчы і палягаюць усе праблемы для нашага экспарту і малака, і мяса».

Да таго ж паміж Менскам і Масквой узмацніўся канфлікт праз імаверна незаконны рээкспарт харчоў. Гэтак днямі «Рассельгаснагляд» пастанавіў знішчыць 90 тонаў садавіны ды гародніны і амаль столькі ж – толькі яблыкаў ды ігрушаў.

Станіслаў Івашкевіч, эканамічны аглядальнік «Белсату»:

«На працягу першых двух месяцаў экспарт садавіны з Беларусі ў Расею павялічыўся на 2/3 у натуральным выражэнні і на 3/4, амаль што ўдвая ўжо, у грашах. Таму расейцы, імаверна, справядліва падазраюць усплёск кантрабанды ў тым ліку».

Як заявіў расейскі прэмʼер Дзмітрый Мядзведзеў, кожнае праблемнае прадпрыемства ў Беларусі патрабуе асобнага правярання. А таму ўжо неўзабаве нам давядзецца рыхтавацца да шэрагу чарговых інспекцыяў «Рассельгаснагляду».

Юлія Лабанава, belsat.eu