Расея гвалтоўна пашырае інфармацыйную атаку ў беларускай медыяпрасторы. Новае расследаванне


Да гэткай высновы прыйшоў даследчы цэнтр «EAST». Паводле расследавання, у нашае краіне паўстала цэлая сетка адмысловых прарасейскіх сайтаў. Якую мэту яны пераследуюць? Высвятляў Аляксандр Папко.

Беларускімі «бандэраўцамі» і «захопам Беларусі Захадам» палохаюць аўдыторыю больш за 40 сайтаў. У разы больш, чым два гады таму, сцвярджае даследчы цэнтр «EAST». Паўтара дзясятка з гэтых сайтаў стварылі для Беларусі, а 8 – адмыслова для прапаганды ў беларускіх рэгіёнах.

«Гэта важны механізм уплыву. Гэта стварэнне альтэрнатыўнага парадку дня і ўплыў на грамадскую думку», – тлумачыць Андрэй Елисееў, даследчы цэнтр «EAST».

Sozh.info, Dranik.org, Vitbich.org – у кожным рэгіёне ў апошнія гады з’явілася па сайце з пракрамлёўскай рыторыкай. Большасць матэрыялаў на іх – нейтральныя рэгіянальныя навіны, запазычаныя з іншых рэсурсаў. Уласныя ж публікацыі – ужо з мовай варожасці:

«Основная цель наших геополитических противников – это подготовить из православных малороссов и белорусов, создав им искусственные языки и квазирелигию, пушечное мясо для продвижения Запада». (BERESTJE-NEWS.ORG)

«На Западе пришли к пониманию, что, используя только одних оппозиционеров, государственный переворот в Беларуси не устроишь. Поэтому создаётся новая сила, состоящая сплошь из одних чиновников и депутатов». (VITBICH.ORG)

«Все змагары только спят и видят, как нашу страну захватят американцы, даже как-то листовки распространяли с призывами начать бомбардировки нашей страны». (SOZH.INFO)

Сайты якасна зробленыя, але большасць з іх наведвае ўсяго некалькі соцень людзей на дзень. Медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі тлумачыць:

«У любым выпадку, часцей за ўсё тэксты пішуцца для сайтаў, а распаўсюджваюцца праз сацыяльныя сеткі. Вось яны часта больш уплывовыя».

Хто ж стварыў сетку пракрамлёўскіх старонак? Грамадзянін Расеі Аляксей Сямёнаў, паводле дакладу «EAST Сenter», у адзін дзень набыў адразу чатыры рэсурсы. Такія ж імя і прозвішча мае працаўнік расейскай арганізацыі CIS-EMO, якая прывозіла «міжнародных назіральнікаў» на гэтак званы рэферэндум у Крыме, выбары ў непрызнаных Абхазіі, Паўднёвай Асеціі ды Прыднястроўі.

«Ніткі ад арганізацыяў і людзей, якія кантралююць гэтыя сайты (ці хаця б пэўнай іхнай часткі), сапраўды могуць весці ў найвышэйшыя эшалоны расейскай улады», – кажа Андрэй Елісееў.

Сувязь можна працягваць далей. Дырэктар CIS-EMO Станіслаў Бышок звязаны з уладальнікам дамену Sozh.info Сяргеем Лушчом ды галоўным рэдактарам сайту Teleskop-by.org Львом Крыштаповічам. Яны – заснавальнікі створанай летась грамадзянскай ініцыятывы «Саюз».

Ці адрэагуе на пракрамлёўскія сайты Менск? Паўлюк Быкоўскі дзеліцца меркаваннем:

«Калі там ёсць наўпроставыя выпады супраць Аляксандра Лукашэнкі, як раней было ў некаторых публікацыях «Рэгнуму», якія скончыліся судом над трыма публіцыстамі, то там рэакцыя была. Калі тут ідуць развагі пра «адзіны рускі народ», якія складаецца з «велікарусаў», «маларусаў» і беларусаў, то на гэта могуць глядзець як на акадэмічную дыскусію».

На стварэнне сайтаў для беларускіх рэгіёнаў Масква выдаткоўвае значныя сродкі, таму пашырэнне іх аўдыторыі, як лічыць цэнтр «EAST», – гэта толькі пытанне часу.

Аляксандр Папко, belsat.eu