Расея: беларуская кілбаса замест іспанскага хамону


Беларускія харчы – якасныя, але кантрабанду санкцыйнай прадукцыі з нашай краіны трэба жорстка спыняць. Як сцвярджае Усерасійскі цэнтр вывучэння грамадскай думкі, так лічыць пераважная бальшыня расейцаў. Расейская Дзярждума галасы выбарцаў чуе, ды ўжо разглядае законапраект аб замаскаванай «санкцыёнцы», а «Рассельгаснагляд» пагражае новымі захадамі супраць як рээкспартаванай прадукцыі, гэтак і ўласна беларускай.

Сёлета афіцыйны Менск плануе павялічыць харчовы экспарт у Расею на 8 %

Пра гэта напярэдадні заявіў віцэ-прэмʼер Беларусі Міхаіл Русы. Але «Рассельгаснагляд», падобна, мае іншыя планы на гэты конт.

3 сакавіка расейскае санітарнае ведамства анансавала магчымую забарону на імпарт сыроў з некаторых беларускіх прадпрыемстваў.

«Калі ў рэжыме ўзмоцненага кантролю яшчэ хоць раз будуць выяўленыя парушэнні, мы будзем падымаць пытанне аб забароне паставак з гэтых прадпрыемстваў. Альбо прасіць беларускі бок увесці самаабмежаванне», – заявіла Юлія Мелана, прэс-сакратар Рассельгаснагляду.

Гэтым разам у рэжым узмоцненага кантролю з боку расейскіх інспектараў трапілі філіялы Лідскага і Рагачоўскага малочных камбінатаў. У іх прадукцыі нібыта была перавышаная доля кансерванту натаміцын. Нагадаем, што гэта толькі адна з прэтэнзіяў, якія «Рассельганагляд» усё часцей адрасуе беларускім вытворцам. Напрыканцы мінулага года сямі беларускім прадпрыемствам былі выстаўленыя закіды ў фальсіфікацыі. Тады «Рассельгаснагляд» заявіў, што пад выглядам натуральнага малака пастаўлялася сухое, змяшанае з вадой. Праўда, Еўразійская камісія і Расейскі саюз вытворцаў малака заступіліся за беларусаў і заявілі, што расейскія інспектары выкарыстоўвалі неліцэнзаваныя лабараторныя метады.

Раней Расея забараніла пастаўкі Ялавічыны з усёй Менскай вобласці

Прычына – абвінавачанні ў тым, што яна – не беларуская, а рээкспартаваная. Адмыслоўцы адзначаюць, што рээкспарт, хоць і дае прыбыткі перакупнікам, але пагаршае ўмовы для айчынных аграрыяў.

Расея паступова набліжаецца да самазабеспячэння ў харчах, таму планы ўраду Беларусі за пяцігодку павялічыць экспарт ежы да $ 7 млрд., – амаль у паўтара разу – пад вялікім пытаннем.

Адначасова з заявай Рассельгаснагляду Расейскі дзяржаўны цэнтр вывучэння грамадскай думкі абнародаваў вынікі апытання сваіх грамадзянаў аб беларускіх харчах. Паводле яго, 79 % расейцаў лічаць, што нашая ежа – высокай якасці. У час, калі Расеі бракавала ўласных харчоў, «Рассельгаснагляд» лічыў гэтак жа.

Станіслаў Івашкевіч, Менск, фота: Vasily Fedosenko / Reuters