Пратэсты недармаедаў і… фактар Крамля

Паводле некаторых прадстаўнікоў апазіцыі дыялог вельмі патрэбны прынамсі для абароны незалежнасці Беларусі. Таму, заклікаюць, давайце святкаваць разам Дзень Волі. Пра важнасць суверэнітэту зрэшты кажуць і дзяржаўнае тэлебачанне, і Лукашэнка. Штопраўда падводзяць да зусім іншых высноваў: мірныя пратэсты, маўляў, небяспечныя для незалежнасці. Ці будуць яднацца на гэтай глебе?

Хто разгойдвае сітуацыю?

Хто вінаваты ў масавых акцыях пратэсту рэдкага для Беларусі маштабу? На сёння дзяржаўныя ідэолагі даюць два варыянты адказу. Тым, хто верыць тэлевізару, паказваюць страшных украінскіх баевікоў.

Для апазіцыі транслюецца тэорыя аб расейскіх агентах-сілавіках у атачэнні Лукашэнкі, якія наўмысна праводзяць жорсткія рэпрэсіі, каб спыніць умоўную лібералізацыю і дыялог з Захадам. Гучыць больш сурʼёзна. Ды пасля махінацыяў на Майдане Масква насамрэч спрабавала выкарыстоўваць беларускія акцыі пратэсту для ціску на Лукашэнку.

За незалежнасць? Так пакажыце гэта!

Калі лукашэнкаўская вертыкаль бароніць незалежнасць ад Захаду ці Ўсходу, то хай пакажа гэта на Дзень Волі! З такой думкай гомельскія апазіцыйныя актывісты сёння занеслі адмысловы зварот у аблвыканкам.

Апазіцыйныя актывісты напісалі заяву на імя абласнога старшыні з прапановай правесці 25-га сакавіка ў Гомлі і райцэнтрах масавыя мерапрыемствы ў падтрымку непадзельнасці Беларусі.

«Мы запрасілі ўлады, каб яны прынялі ўдзел у мірным сходзе, які адбудзецца 25-га сакавіка, таму што лёс Беларусі – гэта нашая агульная справа», зазначыў Васіль Палякоў, намеснік старшыні Абʼяднанай грамадзянскай партыі.

Расейскія медыі падбухторваюць беларусаў да сепаратызму

Паводле заявы, гібрыднае свядома-вертыкальнае святкаванне мусіць стаць адказам на пагрозлівыя публікацыі ў расейскіх медыях. Напрыклад, нацысцкі рэсурс «Спутнік і погром»прапаноўвае на хвалі сацыяльных пратэстаў стварыць Віцебскую, Магілёўскую і Гомельскую народную рэспубліку.

Як лукашэнкаўскія чыноўнікі насамрэч супрацьстаяць расейскай агентуры?

Самая вядомая на сёння справа – арышты аўтараў агенцтва «Рэгнум» у Беларусі, і затрыманне шэф-рэдактара «Рэгнума» ў Маскве, паводле запыту Менску. Усё гэта за распальванне варожасці да беларусаў у медыях. Юрый Баранчык, каб яго не выдалі за родныя краты, напярэдадні папрасіў у Пуціна палітычны прытулак у Расеі. Сёння прадстаўнік камітэту Дзярждумы ў справах СНД Канстанцін Затулін заклікаў калегаў-едінороссов падпісаць хадайніцтва аб невыдаванні Баранчыка. Як адкажа Менск? Ці абарона незалежнасці – гэта толькі прыкрыццё?

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: Stringer / Reuters / Forum

Глядзі таксама