Расейскім мужчынам забаронены ўезд на тэрыторыю Украіны


Украіна ў аднабаковым парадку спыніла дзеянне 48-мі міждзяржаўных дамоваў з Расеяй. Пра гэта ў эфіры тэлеканалу «1+1» заявіў міністр замежных справаў нашай паўднёвай суседкі Паўло Клімкін. Кіраўнік украінскай дыпламатыі заявіў, што ў найбліжэйшы час Кіеў рыхтуе разрыў чарговых сарака дамоваў.

Правакацыя, агрэсія, блакада – сітуацыя ў Азоўскім моры абрастае новымі заявамі ды рэакцыямі – у тым ліку і міжнароднай супольнасці.

«Сёння Сенат ЗША прыняў захады і накіраваў Пуціну дакладнае пасланне, што ягоная агрэсія супраць Украіны ў Азоўскім моры непрымальная. Мы рашуча асуджаем усе ваенныя дзеянні, зробленыя Расеяй, і спробы ў аднабаковым парадку перапісваць міжнародныя нормы», – адзначыў сенатар Крыс Мэрфі.

Калі рэзалюцыю Сенат ЗША прыняў адзінагалосна, то ў амерыканскага прэзідэнта і ягонай адміністрацыі былі сумневы. Перад вылетам на саміт «Вялікай дваццаткі» Трамп сцвярджаў, што ўсё ж сустрэнецца з Уладзімірам Пуціным: «Я, верагодна, сустрэнуся з прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным». Але ўжо на трыццатай хвіліне свайго падарожжа ў Аргентыну Трамп заявіў адваротнае.

«Улічваючы факт, што караблі і маракі не былі вернутыя ва Украіну з Расеі, я прыняў рашэнне ў інтарэсах усіх зацікаўленых асобаў адмяніць запланаваную раней сустрэчу», – напісаў Доналд Трамп у Twitter.

«Гэта азначае, што абмеркаванне сур’ёзных пытанняў міжнароднага і двухбаковага парадку дня адкладаецца на нявызначаны час», – адзначыў прэс-сакратар кіраўніка РФ Дзмітрый Пяскоў.

Перамовы адкладаюцца, а Керчанскі крызіс набірае абароты. На час дзеяння ваеннага становішча Украінская памежная служба забараніла ўезд у краіну мужчынам – грамадзянам Расеі, ва ўзросце ад 16-ці да 60-ці гадоў.

«Гэтыя захады прынятыя, каб Расея не стварала ўва Украіне атраду прыватных арміяў, якія насамрэч ёсць часткаю Узброеных Сілаў РФ», – падкрэсліў прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка.

У Маскве заяўляюць, што не лічаць патрэбным адказваць тым жа. Пад пытаннем застаецца і лёс украінскіх маракоў, якіх, паводле расейскіх медыяў, перавезлі з СІЗА ў анексаваным Крыме ў маскоўскі следчы ізалятар «Лефортава». Яшчэ трое маракоў застаюцца ў больніцы «Матроскай цішыні».

Еўрапейскі суд правоў чалавека запатрабаваў ад Расеі да трэцяга снежня падаць інфармацыю пра канфлікт у Керчанскай пратоцы і аб стане ўкраінскіх маракоў. Вызваліць вайскоўцаў і вярнуць захопленыя караблі заклікала і прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі Тэрыза Мэй, якая паабяцала дамагчыся новых санкцыяў супраць Масквы:

«Гэта частка тыповых паводзінаў Расеі. Яны мусяць адпусціць караблі ды маракоў. Яны мусяць знізіць напружанасць сітуацыі».

Украінскі бок, акрамя іншага, абвінаваціў Расею ў блакаванні руху караблёў праз Керчанскую пратоку і ўкраінскіх партоў на Азоўскім моры – у Бярдзянску і Марыупалі.

«Гэта драматычна адабʼецца на бізнес-мадэлі тых кампаніяў, якія займаюцца экспартам як руды, гэтак і збожжа. Давядзецца перанакіроўваць патокі, і можа так здарыцца, што частка бізнесу зробіцца проста нецікавай. Мы ацэньваем гэтыя патэнцыйныя страты прыкладна на 200 мільёнаў долараў штогод», – прагназуе дырэктар праграмы «Інфраструктура будучыні» Украінскага інстытуту будучыні.

Масква абвінавачанні адкідае і заяўляе, што Керчанская пратока, цытата, «працуе ў звычайным рэжыме», а ўсё, што адбываецца там, – украінская правакацыя.

Святлана Аўчарова, Усевалад Шлыкаў, belsat.eu

Фота: Pyotr Sivkov / TASS / FORUM