Расейскі рубель пацягнуў за сабой беларускі

На фоне падзення каціровак нафты пачаў падаць і курс рубля… – расейскага, які ўслед за сабою пацягнуў і рубель беларускі. Курсы долара і еўра ўсталявалі новы рэкорд. Як на гэта рэагуе Нацбанк? Што рабіць простым беларусам: захоўваць ашчаджэнні ў беларускіх рублях на дэпазітах ці ў валюце?

Рэзка ўгору! На гандляваннях Беларускай валютна-фондавай біржы долар вырас адразу на 5 адсоткаў – да двух рублёў 35 капеек. Еўра цяпер каштуе два рублі 67 капеек, гэта плюс 15 капеек. Для абедзвюх валютаў гэта чарговыя гістарычныя рэкорды! Жыхары Менску кажуць:

«Долар расце, еўра расце – беларусам не прывыкаць».

«Зразумець, як нам жыць і як паступаць вельмі цяжка на жаль».

Чаму долар расце, а беларускі рубель падае? Фінансавы аналітык Вадзім Іосуб тлумачыць прычыны, а заадно супакойвае:

«З беларускім рублём цяпер нічога не адбываецца. Тое, што мы бачым, – гэта моцнае падзенне расейскага рубля да долара – прыблізна на 10 % у панядзелак. У выніку аўтаматычна да беларускага рубля долар падаражэў на 5 %, а расейскі рубель амаль на столькі ж патаннеў».

Расейскі рубель моцна патаннеў праз гістарычны абвал коштаў на нафту – адразу на 30 %. Апошні раз такое падзенне было трыццаць гадоў таму. Ацэньваць наступствы для нашай краіны пакуль рана – мяркуе беларускі прэм’ер-міністр Сяргей Румас:

«Будзем глядзець, як стане развівацца сітуацыя. Расейцы выпусцілі заяву, што Мінфін будзе прадаваць валюту. Гэта такое неардынарнае рашэнне. І першыя некалькі дзён гэтага тыдня пакажуць, як будзе развівацца сітуацыя з расейскім рублём. Адпаведна, і наш Нацыянальны банк, зыходзячы з гэтага, будзе выстройваць сваю стратэгію».

Сяргей Румас паабяцаў, што Нацбанк «будзе кіравацца рынкавымі тэндэнцыямі» і не стане штучна стрымліваць рубель, выдаткоўваючы золатавалютныя рэзервы.

«Я думаю і спадзяюся што гэтага ўмяшання не будзе. У адваротным выпадку любое ўмяшанне прыводзіць да дэфіцыту валюты, да множнасці курсаў. Нічога добрага з гэтага не выйдзе», – зазначае старшы аналітык «Аlpari» Вадзім Іосуб.

Курс амерыканскай валюты да беларускай няўхільна расце з канца студзеня. Агулам з пачатку года долар падаражэў на 11,5 %. Што рабіць, каб захаваць заробленае? Адказваюць жыхары Менску:

«Грошы трэба захоўваць у іншых валютах – не ў расейскай і не ў беларускай. Я так раблю шмат гадоў».

«У мяне ляжаць грошы ў беларускіх рублях у «БПС-Сбербанку», і я нічога рабіць не буду».

«Я атрымала, пайшла выдаткавала, няма чаго захоўваць».

«Мы атрымліваем даходы ў беларускіх рублях. Прыбытковасць нашых укладаў і іншых інструментаў ашчаджэння пакуль што вышэйшая».

«Калі ёсць беларускія рублі ў запасе на кніжцы, лепш іх абмяняць на замежную валюту – напрыклад, долары, еўра, таму што гэтая валюта на дадзены момант больш стабільная».

А што раіць адмысловец? Як найлепш захоўваць свае ашчаджэнні?

«Калі ёсць, што зберагаць – палову лепш трымаць у беларускіх рублях на дэпазітах з максімальна высокай стаўкай. Другую палову – раздзяліць паміж доларам і еўра», – падказвае Вадзім Іосуб.

Галоўнае – дадае эксперт – не хаваць сваіх грошай пад падушкай!

Анастасія Русецкая, «Белсат»

Глядзі таксама