Расейская нафта пашкодзіла Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод


Няякасная расейская нафта пашкодзіла дарагое абсталяванне на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе. Каб знізіць шкоду, расейская дзяржаўная кампанія «Транснефть» павялічыць экспарт якаснай нафты праз трубаправод «Дружба» для наваполацкага перапрацоўчага заводу «Нафтан».

Расея паставіла ў Беларусь настолькі кепскую нафту, што на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе давялося дэмантаваць абсталяванне. Праз недапушчальна высокае ўтрыманне хлорарганічных прымесяў з/зʼявіліся пропускі ў цеплаабменных трубках у паветраным халадзільніку галоўнай секцыі першаснай апрацоўкі нафты. Адмыслоўцы павялічылі падачу антыкаразійных рэагентаў і знізілі абʼёмы перапрацоўкі. На «Нафтане» таксама давялося змяніць тэхналагічны рэжым працы.

«Беларускія НПЗ апошнім часам скардзяцца на пагаршэнне якасці расейскай нафты, але так, каб у 20 разоў знізіліся стандарты нафты, так яшчэ не было», – звяртае ўвагу Таццяна Манёнак, аглядальніца belrynok.by.

Сітуацыя пазаштатная, на «Нафтане» у гэтую нядзелю быў скліканы Рэспубліканскі аператыўны штаб з кіраўніцтвам нафтавай галіны і віцэ-прэмʼерам. Прадстаўнік «Транснефти», у прысутнасці якога правялі аналізы сыравіны, прызнаў, што забруджванне нафты хлорарганікай адбылося на ўчастку Самара – Унеча. Бруднаю нафтаю запоўнены не толькі беларускі кавалак трубаправоду «Дружба» – а гэта 700 тысяч тонаў – але і 1400 км расейскага. Пастаўкі высокакаразійнай нафты з Расеі за апошні час заўважылі не толькі беларусы, але і ўся Усходняя Еўропа. Бо якасная сыравіна ідзе на іншыя рынкі.

«Значная колькасць нафты адцягваецца ў Каспійскі трубаправодны кансорцыум, які некалькі гадоў працуе, і не хапае нафты для еўрапейскіх атрымальнікаў, і брудная нафта выклікае прэтэнзіі атрымальнікаў», – тлумачыць Валерыя Касцюгова, рэдактарка сайту экспертнай супольнасці «Наше мнение».

У такіх умовах Беларусь часова спыніла экспарт нафтапрадуктаў, каб хапіла для ўнутранага рынку. Заўтра мае прайсці беларуска-расейская сустрэча ў галоўным офісе «Транснефти», Беларусь будзе патрабаваць кампенсацыю. Каб атрымаць з Расеі незабруджаную нафту, спатрэбіцца каля 10 дзён.

«Пакуль што беларускі бок не можа цалкам падлічыць стратаў, пэўныя праблемы маюць тэхнічны характар і праявяцца падчас капітальнага рамонту НПЗ. Тым не менш, заяўлена, што фінансавыя страты могуць быць ад дзясяткаў да сотняў мільёнаў долараў», – кажа Таццяна Манёнак.

І гэта ва ўмовах падатковага манеўра, які павялічвае кошт расейскай нафты для Беларусі, і мадэрнізацыі абодвух НПЗ, якая мусіла скончыцца ў лістападзе.

Яшчэ ў гэтую пятніцу, 19-га красавіка, Аляксандр Лукашэнка ў пасланні беларускаму народу даваў устаноўку ўраду:

«Трэба асаблівую ўвагу звярнуць на найхутчэйшае сканчэнне мадэрнізацыі двух нафтаперапрацоўчых заводаў. Каб мы не хадзілі з працягнутай рукой, нікому не кланяліся, а куплялі, як усе, нафту на сусветным рынку, перапрацоўвалі ў сябе і атрымлівалі прыбытак».

За гады кіравання Аляксандра Лукашэнкі былі розныя прапановы суседзяў наладзіць пастаянныя альтэрнатыўныя пастаўкі нафты – з літоўскіх і ўкраінскіх партоў. Але тады кіраўнік дзяржавы палічыў іх нерэнтабельнымі. Як адзначае Таццяна Манёнак, цяпер, калі расейская брудная нафта пашкодзіла беларускае перапрацоўчае абсталяванне, няштатная сітуацыя можа стаць нагодай пераглядзець формулу паставак па «Дружбе». А новыя страты «Белнафтахім» будзе кампенсаваць, як і ранейшыя, паступовым падвышэннем коштаў на паліва.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu

Фота: Viktor Drachev / TASS / Forum