Радыё «Свабода» развіталася з радыёхвалямі


Тры гады таму Радыё «Свабода» перастала вяшчаць на кароткіх хвалях. А сёння медыя паведаміла, што канчаткова сыходзіць з радыёпрыёмнікаў. Злавіць перадачы «Свабоды» на доўгіх хвалях цяпер будзе немагчыма. Усё перамясцілася ў сеціва. Коратка пра адыход эпохі радыё – Вітаўт Сіўчык.

Некалі голас вядоўцаў радыё «Вызваленне» будзіў надзею ў жыхароў Савецкай Беларусі. Сёння ж эра класічнага радыё «Свабода» мінае.

«Спачатку галоўная навіна дня: радыё «Свабода» сканчае сваю працу ў эфіры 30 красавіка», – аб’явіў у перадачы «Зона Свабоды» дырэктар беларускае службы РС Аляксандр Лукашук.

Амаль 65 гадоў радыёэфіру – ужо гісторыя.

Больш падрабязна– у поўным выданні навінаў за 30 красавіка

У Савецкім Саюзе супраць свабодаўскіх хваляў ставілі вышкі-глушылкі. У 1963 годзе менскі студэнт Сяргей Ханжанкоў разам з аднагрупнікамі планаваў узарваць такую, але быў асуджаны на 10 гадоў лагераў. На думку Янкі Запрудніка, працаўніка Радыё «Свабода» у 1954-1991 гадах, такія выпадкі адчайнага супраціву «ўзмацнялі надзею, што савецкая турма народаў рухне, раней ці пазней».

А турма сапраўды рухнула. Але тое, чаго не змагла зрабіць жалезная заслона, зрабіў тэхналагічны прагрэс: у рэдакцыі палічылі, што карыстацца радыёпрымачом цяпер проста немэтазгодна. Слухаць жа можна будзе і надалей – на сайце svaboda.org, а таксама на іншых медыяплатформах – праз інтэрнэт.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»