Наві Дзень, Вялікдзень мёртвых альбо папросту Радаўніца. Сёння беларусы ўзгадваюць сваіх памерлых – моляцца ў цэрквах, наведваюць могілкі. Гэтае веснавое свята надзейна ўпісалася ў царкоўны каляндар, хоць і мае яшчэ старэйшую традыцыю.
Ці дождж, ці спёка – у дзявяты дзень пасля Вялікадня паводле юліянскага календара беларусы традыцыйна ідуць на могілкі.
«Яшчэ адзін дзень, калі мы можам узгадаць бабулек, дзядуляў».
«Жыццё не вечнае. Мы ўсе неяк сыдзем у іншы свет».
«Пачысціў магілкі. Радаўніца ёсць Радаўніца!» – кажуць жыхары Менску.
Праваслаўная і грэка-каталіцкая цэрквы праводзяць на Радаўніцу адмысловыя памінальныя набажэнствы.
«Гэта свята, калі нашыя памерлыя родзічы, усе, каго мы ведалі ў гэтым жыцці, перайшлі ў іншае жыццё сваёй душой, яны радуюцца ва ўваскрэслым Госпаду», – кажа айцец Васіль Рэвель з магілёўскага Свята-Мікольскага манастыра.
Культуролаг, тэолаг і філосаф Ірына Дубянецкая адзначае: першыя згадкі пра Радаўніцу фіксуюцца ў XIV стагоддзі. Карані ж свята яшчэ глыбейшыя. Провады, Наві дзень – гэта таксама іншыя рэгіянальныя назвы Радаўніцы. Што ж да паходжання найбольш распаўсюджанага варыянту…
«…этымалагічна ёсць меркаванне, што гэта паходзіць ад балтыйскага кораню «раўда», якое азначае «плач, галашэнне, лямант па памерлых». Ёсць варыянт, што гэта славянская назва ад «радасці», – тлумачыць Ірына Дубянецкая.
Свята мае дахрысціянскае паходжанне. Адпаведныя сляды бачныя на беларускіх могілках голым вокам.
«Некаторыя яйкі прыносяць, гарэлку наліваем. Але мы гэтага не робім».
«З Вялікадня захаваныя булку свянцоную і яйка. Гэта я таксама прыношу на могілкі. Гавораць, нельга, неразумна», – кажуць жыхары Магілёва.
Усходняя царква, якая ўлучыла свята ў свой каляндар, усё ж нагадвае, што далёка не ўсе традыцыі можна спалучыць з хрысціянствам. Паводле святароў, могілкі – гэта не адпаведнае месца для піцця і спажывання ежы.
«Ёсць правіла царкоўнае Васіля Вялікага: той чалавек, які есць і п’е на могілках, адлучаецца ад царквы. Вось такое строгае кананічнае правіла», – кажа айцец Васіль Рэвель.
Цяпер свята распаўсюджанае і ў іншых народаў. Тым не менш толькі ў Беларусі Радаўніца – выходны дзень на дзяржаўным узроўні. Адзначаюць гэтае свята і ў рэгіёнах, гістарычна ды культурна нам блізкіх.
«Гэта вельмі пашырана на Падляшшы, у цяперашняй Польшчы, вельмі пашырана на Браншчыне і вельмі пашырана на паўночным усходзе Беларусі, куды выходзіць на Пскоўскую цяперашнюю вобласць», – кажа Ірына Дубянецкая.
Беларусы называюць Радаўніцу таксама святам памінання роду. Вольга Конанава, настаўніца:
«Гэта патрэбна нам, жывым, каб мы памяталі, з якіх мы семʼяў, каб мы памяталі, з якіх мы радоў».
«А як новыя пакаленні, нашыя дзеці і ўнукі будуць гэтага датрымоўвацца, каб прыйсці абавязкова?» – дадае жыхарка Магілёва.
Гэта ўжо залежыць ад трываласці сувязі пакаленняў.
Вітаўт Сіўчык, belsat.eu