Птушкафабрыка «Хальч»: Будзь рабом, згубі здароўе!


Работніцы птушкафабрыкі «Хальч» заявілі пра сістэматычныя парушэнні працоўных правоў. У прыватнасці, наймальнік не забяспечваў іх неабходнай адмысловай вопраткай (шапачкі, сродкі аховы слыху, пальчаткі і медычныя павязкі на твар) ды не выдаваў працаўніцам іхных асобнікаў працоўных кантрактаў.

«Мы хадзілі ў кантору, патрабавалі – аддайце нашыя кантракты. «Мы знойдзем, вам аддамо». І вось нам аддалі не кантракты, а паперку, што мы будзем звольненыя», – абураецца супрацоўніца прадпрыемства Ірына Катлярова.

Прэтэнзіі рабочых

Паводле работнікаў, кіраўніцтва прадпрыемства прымушала іх перапрацоўваць, не аплочвала працы ў выходныя і не своечасова выплочвала грошы за адпачынак. А аплата працы часам была ніжэй за бюджэт пражыткавага мінімуму (прыблізна Br 200 за месяц).

«Нават калі палічыць, у нас перапрацоўкі было па пяць-шэсць гадзінаў на дзень. І нам ніхто не аплочваў іх. Яны аплачваліся, але не ў поўным аб’ёме. Мы хочам разабрацца з гэтай перапрацоўкай, дзе гэтыя грошы ўвогуле, за што мы працавалі. Ладна, вы прэмію маеце права не аплаціць – гэта па вырашэнні кіраўніка ўжо, калі кіраўнік захоча. А перапрацоўку нашую, будзе такія добрыя, аддайце. Ва ўсіх дзеці, ва ўсіх семʼі, іх трэба нечым карміць», – даводзіць яшчэ адная работніца птушкафабрыкі Ганна Матвеенка.

Не атрымалі працаўнікі і выплатаў за шкоднасць працы

«Працуем у шкодных умовах. Чаму нам не аплочваюць шкоднасць? У нас шум, у нас павышаная вільготнасць у цэху, атэстацыі працоўных месцаў не было», – звяртае ўвагу Ларыса Сарокіна, калега Ірыны і Ганны.

Інспектар працы прафзвязу радыёэлектроннай прамысловасці Леанід Судаленка, да якога звярнуліся жанчыны, спрабуе ім дапамагчы. Паводле яго, пры справядлівым разглядзе справы ёсць усе шанцы на станоўчае развязанне сітуацыі: маўляў, прадпрыемства «Хальч» груба парушае заканадаўства.

Асноўнае заданне праваабаронцаў – дабіцца звальнення працаўніц на іхнае патрабаванне, а не па сканчэнні тэрміну кантракту, як хоча наймальнік. У такім выпадку кабеты атрымаюць выплату памерам тры сярэднямесячныя заробкі.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»