Прыватны цырк пад Слуцкам просіць дапамогі, каб пракарміць жывёлаў


Гэтыя два вярблюды з экзатычнымі імёнамі цяпер маглі б гастраляваць па Беларусі. Прыватны цырк «Антрэ» меў пачаць гастрольны сезон яшчэ ў сакавіку. Але праз эпідэмію не вядома, ці ўвогуле сёлета адбудуцца выступы.

«Ёсць гарады, дзе мы затрымліваемся на 2 тыдні, а ў асноўным – па тыдні ў горадзе. На сёння мы б прыблізна 20-25 выступаў далі б», – расказвае кіраўнік цырку Руслан Морахаў.

Без выступаў і даходу ў бядзе апынуліся і жывёліны. Кармавыя запасы ўжо канчаюцца.

«У мяне ўсё пагалоўе з‘ядае прыблізна 50-60 кілаграмаў гародніны кожны дзень, кілаграмаў 100 сена і аўса кілаграмаў 15-20», – кажа Руслан.

Таму кіраўнік цырку просіць дапамагчы пракарміць жывёлу. Морква, капуста, бурак – тое, чым харчуюцца цыркавыя жывёліны. Але праз эканамічныя цяжкасці ды адсутнасць выступаў іхны рацыён скараціўся прынамсі на траціну.

У цырку «Антрэ» некалькі відаў жывёлы: пітоны, поні, аслы, насухі. А таксама дзесяць каралеўскіх пудзеляў. У рацыёне сабакаў – кашы, садавіна і перадусім мяса.

«Самі то як самі, мы можам і на дыеце пасядзець, а ім жа не патлумачыш, што мяса не будзе, мяса ў іхным рацыёне абавязкова мусіць быць, 4,5 кілаграма на адно кармленне за дзень сыходзіць», – кажа дрэсуравальніца Вольга Туркіна.

На просьбу кіраўніка цырку адгукнулася мясцовае сельскагаспадарчае прадпрыемства і нямала жыхароў. Некалькі разоў за дзень людзі прывозяць корм жывёле.

«Учора–сёння праехалі, сабралі, што змаглі, тое купілі, пакуль ехалі па крамах – купілі, закінулі і вырашылі сюды прыехаць, ну і заадно ўнучку прывезці паказаць, якія жывёліны ёсць», – кажа мясцовая жыхарка Святлана.

Калі адновяцца выступы, не вядома. Цыркавая сям’я пакуль шукае іншы заработак і дзякуе ўсім, хто дапамагае пракарміць жывёлінаў.

Наста Кахановіч, «Белсат»