Прыкладанне «Re-Brest»: адшукаць смартфонам зніклыя гістарычныя будынкі


1000-годдзе Берасця жыхары гораду будуць адзначаць у верасні. Але ўжо цяпер берасцейцы рыхтуюць незвычайны падарунак з гэтай нагоды – гід па страчанай архітэктуры гораду. Дойлідства старажытнае, а гід – звышсучасны.

Машына часу можа запрацаваць у Берасці! Бо як іначай назваць задуму берасцейцаў, дзякуючы якой кожны ахвотны зможа на ўласныя вочы пабачыць, як выглядала Берасце сотні гадоў таму?

«Грунт», культурна-асветніцкая ініцыятыва (Youtube):

«Ажывіць веліч мінулых эпох, стварыць напамін пра маладосць старадаўняга Берасця».

Перанесціся праз эпохі дапамагаюць тэхналогіі дапоўненай рэчаіснасці. Віктар Клімус, прадзюсар праекту «Re-Brest»:

«Любы ахвочы з дапамогаю мабільнага тэлефона можа прыйсці, уключыць і паглядзець 3D-мадэль у рэальную велічыню, знайсці яе па геанавігацыі».

Ваш гаджэт «бачыць» прастору праз сваю камеру, аналізуе яе і ў рэальным часе накладае на яе віртуальны аб’ект. Менавіта дзякуючы гэтай тэхналогіі моладзь два гады таму захапілася пошукам пакемонаў у розных частках свету. Берасцейцы ж пастанавілі выкарыстаць дапоўненую рэальнасць на карысць свайго гораду і яго тысячагадовай гісторыі. А паглядзець у віртуальным Берасці ёсць на што.

Краязнавец Ігар Бараноўскі, краязнавец:

«Кляштар аўгустынаў, дзе адбываліся многія з’явы з гісторыі мясцовай, шляхта збіралася, трошку далей была берасцейская друкарня, берасцейскі манетны двор. Усё гэта – цэнтр гораду, які варта паказаць берасцейцам».

Гэтыя і шматлікія іншыя перліны беларускага дойлідства месціліся там, дзе цяпер стаіць… Берасцейская крэпасць. Стары горад знішчылі, каб яе пабудаваць, але, не знішчаючы крэпасці, можна аднавіць старыя будынкі… віртуальна.

«Пад мемарыялам схаваныя сляды іншых храмаў, сакральных пабудоваў Берасця. Гэта і калегіум езуітаў, мужчынскі базыльянскі манастыр Пятра і Паўла, дзесьці там на плошчы цырыманіялу схаваная царква Святога Мікалая, дзе была падпісаная знакамітая Берасцейская ўнія», – распавядае краязнавец Ігар Бараноўскі.

Аднавіць найбольш значныя помнікі архітэктуры, каб зрабіць гэткі падарунак да тысячагоддзя Берасця, магчыма, але толькі супольнымі высілкамі гараджанаў: каманда краязнаўцаў, архітэктараў і праграмістаў шукае сродкі для фінальнага этапу рэалізацыі праграмы. Прадзюсар праекту «Re-Brest» Віктар Клімус:

«Засталося зусім няшмат да таго, каб кожны ахвочы змог скарыстацца з мабільнай праграмы «Re-Brest», якая дае такія магчымасці, і кожны з нас можа паспець зрабіць свой унёсак у тое, каб запуск праграмы быў як мага хутчэй, і каб абʼектаў было як мага больш».

Стваральнікі прылады перакананыя, што берасцейцам разам пад сілу ўсё, нават ажывіць слаўнае мінулае.

Вольга Старасціна, belsat.eu