Прыбыткі выраслі, павялічылася і інфляцыя


Паводле Белстату, рэальныя грашовыя даходы беларусаў у студзені сёлета выраслі ў параўнанні з леташнім паказнікам больш, чым на сем адсоткаў. Выходзіць, цяпер можам больш сабе дазволіць?

Рэальныя грашовыя прыбыткі – гэта паказнік, які ўлічвае ўсе магчымыя паступленні ў бюджэт чалавека: заробак, пенсію, дывідэнды, нават даходы ад прыватнай гаспадаркі.

«Слова «рэальныя» значыць, што гэта намінальнае значэнне ўзятае з папраўкай на інфляцыю. Груба кажучы, калі рост станоўчы, значыць, вы тавараў купіць можаце больш на гэтыя ж даходы, чым у мінулым годзе», – кажа Сяргей Чалы, эканаміст.

І наколькі ж беларусы адчуваюць рост рэальных даходаў?

«Я гэтага не адчуваю. Даходы дастаткова сціплыя».

«Ні на колькі! Трымаюцца на тым жа ўзроўні, як і два гады таму, і чатыры».

«Вы ж усе выдатна разумееце, што даходы могуць быць якія заўгодна, але ж якія яшчэ выдаткі».

«Не надта выраслі».

«Калі шчыра, ні на колькі. У мяне заробак як быў, так і застаўся».

Тым часам сярэдні заробак па краіне цяпер складае каля дзевяцісот васьмідзесяці рублёў – усё яшчэ не дацягваючы да магічных пяцісот долараў. А прэм’ер-міністр Румас абяцаў, што сёлета ў сярэднім беларусы будуць атрымліваць 1025 рублёў, а бюджэтнікі – 820.

«Сур’ёзных крыніцаў, каб забяспечыць франтальнае павышэнне, то бок усім, не будзе. Я думаю, максімум, што могуць у перадвыбарны год зрабіць улады, – гэта старацца наўпростава ўплываць непасрэдна на даходы бюджэтнікаў – то бок гэта пенсіі і заробкі бюджэтнага сектару», адзначае Сяргей Чалы, эканаміст.

Гэта можа сыграць негатыўную ролю ў эканоміцы краіны, асабліва з улікам ужо наяўнай інфляцыі за мінулы год, якая склала пяць цэлых шэсць дзясятых адсотка (5,6 %) і пакрысе працягвае расці.

Атрымліваецца класічны выпадак – з пункту гледжання статыстыкі, сітуацыя выглядае не так і блага. Аднак калі паглядзець на расклад бліжэй, то выходзіць, што, як той казаў, «кошты ў ліфце едуць, а мы па лесвіцы ідзем».

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»