Праз пяць гадоў бензін у Беларусі можа каштаваць долар. Эканамісты тлумачаць чаму


Афіцыйны Менск усё сціплейшы ў ацэнках стратаў нашай эканомікі ад расейскай забруджанай нафты, кампенсацыі якіх вымагае ад усходняга суседа. Хто ж у выніку будзе расплочвацца за чужыя памылкі? Прынамсі цяпер улады прагназуюць, што мы, простыя грамадзяне.

Віцэ-прэм’ер Ігар Ляшэнка заявіў, што замест больш як 705 000 тонаў няякаснай сыравіны, якую Беларусь выцесніла назад за ўсходнюю мяжу, нашая краіна атрымала якасную. Паводле чыноўніка, расейскі бок і наагул абяцае дадатковы бонус для нафтаперапрацоўчага заводу «Нафтан».

«Праглядаецца аб’ём у раёне 100 тысяч тонаў дадатковай пастаўкі – штосьці колавым транспартам, астатняе будзе пастаўленае па трубе», – заявіў Ляшэнка.

Матэрыял Валерыя Руселіка выйшаў у поўным выданні навінаў за 28 чэрвеня

Тым часам «Нафтан», паводле Ляшэнкі, у выніку сітуацыі з «Дружбаю» недаатрымаў 250 тысяч тонаў нафты, то бок у два з паловаю разы больш за пакуль што толькі абяцаны бонус. Таксама кошт сапсаванага абсталявання Мазырскага НПЗ ужо складае прынамсі 20 мільёнаў долараў ЗША.

«Беларусь сапраўды панесла даволі істотныя страты, таму што яна сталася заслонаю на шляху гэтай бруднай нафты ў Еўропу. Тым не менш Расея не прыпыніла пастаўкі«, – кажа эканамічная аглядальніца выдання «Белрынок» Таццяна Манёнак.

Калі ж Расея адмовіцца кампенсаваць Беларусі недаатрыманую выгоду, афіцыйны Менск мае намер звярнуцца ў суд. Пры гэтым яшчэ ў траўні Лукашэнка акрэсліваў памеры шкоды не як сціплыя 20, а як сотні мільёнаў долараў. І канчатковыя падлікі ўсцяж не агучаныя.

«Падлічыў, да прыкладу, наш канцэрн «Белнафтахім» і нашыя кампаніі, што за красавік страты склалі $ 106 млн праз тое, што былі недапастаўленыя нафтапрадукты іх контрагентам. Яшчэ пэўныя прэтэнзіі ўжо агучыў і Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод да расейскай кампаніі «Роснефть»: таксама за пастаўкі няякаснай нафты за адзін месяц – гэта крышку больш за $ 100 млн», – дадае Манёнак.

Між тым гэта не ўсе хмары на беларуска-расейскім энергетычным даляглядзе. Ужо да 2024-га бензін у нашай краіне можа падаражэць да $ 1 за літр АІ-92 супраць цяперашніх $ 0,77 – як цвердзяць улады Беларусі, у сувязі з расейскім нафтавым манеўрам: штогод кошт імпарту расейскай нафты будзе даражэць на $ 21,30 за тону.

«Страты істотныя. Калі гаварыць у сярэднім, то калі мы выйгравалі за кошт гэтых экспартных мытаў гады два таму назад, а потым гэта ўсё знікне, то гэта азначае, што мы згубім прыкладна 2,5 мільярды долараў на год – вось за кошт гэтага манеўру», – кажа эканаміст Леанід Злотнікаў.

Пры гэтым, як падкрэсліў той жа Ігар Ляшэнка, і гэткая цана на бензін – ніжэйшая, чым у суседзяў.

Аднак спадзявацца на нейкае згладжванне розніцы паміж нізкімі заробкамі і ўсё даражэйшым палівам наўрад ці выпадае.

«Разлічваць на тое, што ў нас будуць нейкія ільготы, якія адбірае Расея, потым яшчэ нейкія ільготы тут – вельмі складана. У нас выраўняецца і з Украінай, і з Латвіяй. Так што сацыяльная палітыка – само сабой, а цэны – гэта зусім іншая палітыка, накіраваная на эканамічны рост», – дадае Злотнікаў.

Штопраўда, эканамічнага росту пакуль неяк не назіраецца. А вось рыхтавацца плаціць па рахунках беларусам даводзіцца ўжо цяпер.

Валера Руселік, «Белсат»