Правы чалавека і (ці) геапалітыка. Чаго хоча Вашынгтон?

ЗША сочыць за станам правоў чалавека ў Беларусі і чакае дэмакратызацыі. Пра гэта заявілі прадстаўнікі сакратарыяту міжнароднага камітэту Сенату ЗША, якія сёння прыбылі з візітам у Менск. Што яшчэ выклікае зацікаўленасць амерыканскай дэлегацыі? І ці варта разлічваць Беларусі на пацяпленне стасункаў са Злучанымі Штатамі?

На пачатку лютага ў Менск прыязджаў дзяржсакратар Майк Пампэа. Сёння – чыноўнік з дапаможнага штабу верхняй палаты амерыканскага парламенту – кіраўнік сакратарыяту міжнароднага камітэту Сенату Крыстафэр Соўча:

«Раней Кангрэс ЗША прыняў заканадаўчыя акты, якія датычаць тэмы адносінаў з Беларуссю. Адна з прычынаў нашага візіту – на свае вочы паназіраць за прагрэсам у Беларусі, разабрацца, ці патрэбныя абнаўленні ў гэтых заканадаўчых актах».

Пасадовец не ўдакладніў, якія законы мае на ўвазе. Эксперт мяркуе: пра адмену Акту аб дэмакратыі ў Беларусі з 2004 года не можа ісці і гаворкі.

«Не думаю, што ў Лукашэнкі ці ў Макея ёсць дастаткова аргументаў, каб зняць пытанне правоў чалавека. Усё ж такі Злучаныя Штаты Амерыкі, кангрэсмены вельмі чуллівыя на пытанні дэмакратыі», – зазначае журналіст Радыё «Свабода» Францішак Вячорка.

Сёння ж амерыканскую дэлегацыю прымаў старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў з міжнародных справаў Андрэй Савіных, які яшчэ на мінулым тыдні ў праграме «Объективно» на ОНТ каментаваў пытанне пагрозаў з Захаду:

«Па нас будуць страляць не ракетамі, па нас ужо страляюць «Белсатам».

Сёння ж чыноўнік гаварыў пра іншае:

«Мы можам канстатаваць, што Менск і Вашынгтон канструктыўна супрацоўнічаюць у галіне бяспекі. Адноўлены дыялог у вайсковай сферы, ахове здароўя, сельскай гаспадарцы».

Праз геапалітычную абстаноўку ў кіраўніцтва Беларусі цяпер сапраўды з’явілася акно магчымасцяў, мяркуе палітолаг, аналітык BISS Кацярына Шмаціна:

«Гэта не столькі заслуга Лукашэнкі, колькі прагматычныя погляды Вашынгтону».

Адначасова амерыканскія санкцыі, уведзеныя за парушэнне правоў чалавека ў Беларусі, перашкаджаюць пастаўкам нафты. На мінулай сустрэчы з Майкам Пампэа праваабаронцы падкрэслівалі…

«Існыя чырвоныя лініі, якія нельга пераходзіць, гэта павелічэнне колькасці палітычных зняволеных», – гаварыў 04.02.2020 старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі.

Аднак улады не датрымалі гэтага прынцыпу, асудзіўшы на мінулым тыдні анархістаў Мікіту Емяльянава ды Івана Комара на 7 гадоў зняволення.

«Справа абсалютна палітычная, незразумела, чаму ўлады пайшлі на такі крок», – канстатуе Вікторыя Фёдарава, старшыня «Прававой ініцыятывы».

На думку Францішка Вячоркі, перад усім Захадам цяпер стаіць дылема: як падтрымаць афіцыйны Менск у супрацьстаянні з Масквою:

«Тое, што хоча ўлада, яны хочуць поўнага спынення падтрымання беларускіх медыяў, грамадзянскае супольнасці, палітычных партыяў. Тое, на чым павінен настойваць Захад: так, мы з вамі сябруем, спадар Лукашэнка, але нашыя прынцыпы мы не аддадзім».

Паводле эксперта, менавіта падтрыманне беларускага грамадства будзе даваць найлепшы адпор расейскаму ўплыву ў Беларусі, што ў гэтай сітуацыі выгаднае нават Лукашэнку.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»

Глядзі таксама