Праваслаўныя вернікі сустракаюць Раство Хрыстова

Праваслаўныя і грэка-каталікі рыхтуюцца да Раства Хрыстова. 6 студзеня ў вернікаў – Куцця, яны накрываюць святочны стол і наведваюць царкву. Галоўнае служэнне пачынаецца з надыходам цемры. У сталіцы яго праводзіць мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел у Свята-Духавым кафедральным саборы.

Раство Хрыстова для сям’і Вольгі Нядзвецкай з Менску – асаблівае свята. Сустрэць яго рыхтуюцца ўсёй сям’ёй. Для дзетак – гэта перадусім знаёмства з традыцыямі і чаканне цуду.

«1 студзеня – нейкае такое апусташэнне, адчуванне, што цябе падманулі, што больш нічога не будзе, а калі прыходзіць Нараджэнне Хрыстова, разам з ім прыходзіць радасць, любоў, мір, якія напаўняюць тваё сэрца і тваю душу», – кажа верніца Вольга Нядзвецкая.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Апроч пернікаў да святочнай вячэры сям’я гатуе і іншыя стравы. Галоўнае месца традыцыйна займае куцця з рысу, арэхаў, мёду. Таксама не абыдзецца святочны стол без бульбы, селядца, гародніны і кісялю. Згодна з традыцыяй накрываюць і стол, за які сядуць са з’яўленнем першай зоркі.

Раство – не толькі гістарычнае свята, але перадусім духоўнае. Да святой ночы вернікі імкнуцца ачысціць душу і сэрца. Важна прытрымлівацца паста – у праваслаўных ён доўжыцца 40 дзён, – ды разабрацца ў самым сабе пры дапамозе малітваў, адзначае Вольга.

«Гэта павінна быць вельмі даверлівая і шчырая размова з Богам, якому ты давяраеш, у якога ты верыш і любіш, як самага блізкага сябра і самую дарагую ў свеце істоту, і, вядома, ён дапамагае справіцца з тым, што ў цябе з’явілася няправільнага, і стаць лепш, стаць да яго крышачку падобным», – кажа верніца Вольга Нядзвецкая.

Да царквы Вольга прыйшла самастойна ў свядомым узросце. Гэтаксама мільёны людзей знаходзяць суцяшэнне і сэнс жыцця ў Хрысце, адзначае святар Сергій Гардун:

«Гэтая падзея, падзея прышэсця ў свет Госпада Ісуса Хрыста, сына Божага, яна перамяніла, можна сказаць, увесь свет, яна ўнесла ў чалавечае жыццё сэнс, яна паказала чалавеку сапраўдную мэту жыцця. І Хрыстос прыйшоў больш за 2 тысячы гадоў таму, але ён з намі сёння», – протаіерэй Свята-Духава кафедральнага сабору Сергій Гардун.

Рыхтуюць да Раства і святыні. Унутры і звонку іх упрыгожваюць ялінкамі, усталёўваюць яслі з лялькай нованароджанага Хрыста. Святары рыхтуюць чытанні і малітвы да святочных службаў.

Паспавядацца ў грахах, супольна памаліцца ды прычасціцца сотні вернікаў прыйшлі ў цэрквы ўжо сёння зранку.

«Мы ўжо людзі ва ўзросце, таму мы гэта разумеем, перадаём дзецям, стараемся, каб і стол быў накрыты, і малітва была з намі, вось у царкву прыйшла».

«Прычасцілі дзетак, заўтра пойдзем на познюю літургію, рыхтуемся, пасцімся, чакаем гэта свята вельмі ўзнёслае і светлае».

«Узнёслы настрой, вельмі радасна бачыць, як надвор’е спрыяе, які навокал цуд – і ў сэрцы, і ў прыродзе», – кажуць вернікі.

Галоўнае богаслужэнне пасля заходу сонца – Усяночная – ужо распачалося ў цэрквах па ўсёй краіне. Пасля ўсхвалення Хрыста вернікі зноў збяруцца за святочнымі сталамі, на якіх па заканчэнні паста з’явяцца таксама мясныя стравы, і абмяняюцца віншаваннямі ды падарункамі.

Юлія Лабанава belsat.eu

Глядзі таксама