Праваабаронцы выступілі супраць катаванняў праз міліцыянтаў


Прыкладна траціна тых, каго затрымлівае міліцыя, прызнаецца, што з імі жорстка абыходзіліся. Хтосьці лічыць гэта нормай, праваабаронцы кажуць, што жорсткасць і прыніжэнне – гэта парушэнне закону з боку праваахоўнікаў. У Менску працягваецца інфармацыйны тыдзень супраць катаванняў. Нягледзячы на забарону, праваабаронцы паведамляюць пра ўсё новыя выпадкі гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да затрыманых.

«Гэта мой сын Артур, затрымалі яго, яму было 25 гадоў, жорстка збілі, у яго знайшлі 0,22 г і яго асудзілі на 12 гадоў», – паказвае фота Марына Яўглеўская.

Марына Яўглеўская ўжо 5 гадоў чакае свайго сына, якога судзілі паводле наркатычнага артыкулу 328. Жанчына добра памятае дзень затрымання сына і як прыехала ў РАУС яго шукаць:

«Яны крычалі як рэзаныя. Сын мой, зразумела, таксама. Потым крыкі, час нейкі прайшоў, другога заводзяць. І так вось цэлы дзень. У выніку сын мой, пад вечар, яго цягнулі. Я падышла, хацела сфатаграфаваць, а міліцыянт кажа: «Зараз разаб’ю тэлефон, нельга».

Яшчэ да прыезду адваката хлопец падпісаў пратакол вымання спайсаў. Калі Артур трапіў у жодзінскую турму, у яго былі сінякі дыяметрам 4 сантыметры. А пазней на судзе маці спалохалася за сына яшчэ больш.

«На судзе я яго ўбачыла, яго завялі, ён глядзіць, ён не разумеў. Адразу відаць, што чалавек неўпамятальны, то бок памяці няма, ён не разумее, дзе ён, з кім ён, ён мяне не пазнаў зусім», – кажа жанчына.

Спадарыня Марына разам з праваабаронцамі дамаглася пачатку следства адносна збіцця свайго сына. Збіццё ці іншыя гвалтоўныя дзеянні з мэтаю прызнання або атрымання інфармацыі ў міжнародным праве кваліфікуюцца як катаванні. Паводле Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, катаванні забароненыя. У 1987 годзе Рэспубліка Беларусь падпісала Канвенцыю супраць катаванняў.

Людзі не цацкі. Праваабаронцы выпусцілі сувеніры, каб распавесці грамадскасці, што адбываецца за кратамі. Электрашокер, бутэлька, дручок – усё гэта дасюль выкарыстоўваецца як прылады для катаванняў.

Тры гады таму праваабаронцы праводзілі апытанне сярод пакараных адміністратыўным арыштам. Больш за 30 адсоткаў людзей паведамілі пра ўжыванне фізічнай сілы пры затрыманні. А 12 адсоткаў апытаных адчулі розныя віды пакарання падчас утрымання пад вартаю.

Рэспубліка Беларусь не вядзе адпаведнай афіцыйнай статыстыкі. Таксама ў нацыянальным заканадаўстве адсутнічае крымінальны артыкул за катаванні.

«Адзіная інфармацыя, якую мы атрымалі з дакладу, які падала Беларусь у Камітэт супраць катаванняў, – гэта было каля 600 заяваў аб дзеяннях, каторыя трапляюць пад вызначэнне «катаванні». І з усяго гэтага валу заяваў было распачата толькі 10 крымінальных справаў», – кажа Вікторыя Фёдарава, старшыня РГА «Прававая ініцыятыва».

Каб прыцягнуць увагу да праблемы, праваабаронцы ўпершыню ладзяць сёлета Тыдзень супраць катаванняў. Ён прымеркаваны да 26 чэрвеня – Міжнароднага дня на падтрыманне ахвяраў катаванняў. У межах тыдня праваабаронцы прэзентавалі даследаванне аб стаўленні беларусаў да пакаранняў.

«Людзі, якія не сутыкаліся з такімі сітуацыямі, яны быццам успрымаюць такія выпадкі, калі дзесьці пра іх чуюць, як метады працы гэтых органаў. Напэўна, гэта натуральная сітуацыя, і патрэбная такая асветніцкая кампанія», – гаворыць Ірына Пракопчык, адна з арганізатарак Тыдню супраць катаванняў.

Паводле даследавання, амаль 80 адсоткаў апытаных апраўдваюць пакаранне саўдзельніка тэрарыста. Бальшыня апытаных не разумее, што такое абсалютная забарона катаванняў. Тыдзень супраць катаванняў працягнецца да 28 чэрвеня.

Наста Кахановіч, belsat.eu