Праціўнікі акумулятарнага заводу пад Берасцем перамаглі


Цяпер афіцыйна! Кіраўнік Берасцейшчыны Анатоль Ліс падпісаў распараджэнне аб прыпыненні будаўніцтва прадпрыемства «АйПаўэр». Чаму чыноўнікі пасля паўтара году пратэстаў пайшлі на саступкі? І як перанесці берасцейскі досвед барацьбы ў іншыя гарады Беларусі?

«Калі пажарных на завод не пускаюць, якая вы, нафіг, улада, калі камітэт прыродааховы не можа заехаць на завод і праверыць?!»

У нядзелю старшыня Берасцейскага гарвыканкаму Аляксандр Рагачук нечакана паклікаў пратэстоўцаў з плошчы на адкрытую сустрэчу. У сераду актывістаў без журналісцкіх вачэй прыняў кіраўнік вобласці Анатоль Ліс.

«На мой погляд, лёд зрушыўся», – сказаў пасля сустрэчы блогер Аляксандр Кабанаў.

Сёння ж старшыня Берасцейскага аблвыканкаму афіцыйна распарадзіўся:

«Прыпыніць будаўніцтва аб’екту Акумулятарны завод ТАА «АйПаўэр» з уласнаю кацельняй (…) да ліквідацыі выяўленых парушэнняў».

У сваім тэлеграм-канале блогер NЕХТА апублікаваў ліст з Мінпрыроды, які ўказвае на экалагічныя парушэнні на прадпрыемстве. На падставе гэтага дакументу кіраўнік вобласці і выдаў сваю пастанову.

«Замоўца падаў непраўдзівыя звесткі. Па вялікім рахунку, сказана тое, што мы гаварылі паўтара года таму – усё пабудаванае на хлусні», – каментуе праціўнік акумулятарнага заводу Зміцер Бекалюк.

Кампанія «АйПаўэр» у сваім прэсавым рэлізе заявіла, што не ведае, чаму Анатоль Ліс выдаў сваё распараджэнне:

«…Атрымаўшы адмоўнае заключэнне дзяржаўнай экалагічнай экспертызы, ТАА «АйПаўэр» ініцыюе працэдуру паўторнай экалагічнай экспертызы (…) Пасля гэтага мы адновім працэдуру ўводу аб’екту будаўніцтва ў эксплуатацыю».

Безліч затрыманняў, рэгулярныя суды, крымінальныя справы нібыта за абразу міліцыянтаў і захоўванне боепрыпасаў і рэкордныя штрафы на агульную суму дзясяткі тысячаў рублёў. Гэта ўсё за паўтара года барацьбы перажылі праціўнікі акумулятарнага заводу. Але нягледзячы на ціск, сотні людзей працягвалі рэгулярна выходзіць на цэнтральную плошчу Берасця.

Ксенія Снапко, эколаг, чалец ініцыятыўнае групы «За экалогію Калодзішчаў»:

«Вобраз дзеянняў берасцейскае групы трэба пераймаць іншым праблемным пунктам у Рэспубліцы Беларусь і дакладна разумець, што сістэмныя дзеянні доўгатэрміновыя – яны абавязкова прынясуць вызначаны вынік».

А такіх праблемных пунктаў у Беларусі нямала, сярод іншага, Завод беленай цэлюлозы ў Светлагорску, а таксама «Омск-карбон Магілёў» – супраць гэтых прадпрыемстваў таксама праходзілі пратэсты.

Не ўсе берасцейцы верылі ў поспех пратэстаў. Апытаныя намі гараджане кажуць:

«Я кожны выходны дзень – нядзелю – бачыла дэманстрацыю пратэсту, але не верыла. Вельмі радая!»

«Па барабану, калі шчыра. Стаіць завод, няма. Галоўнае, каб свінцу не было».

«Я ў гэта не верыў. Але мне падаецца, што гэта часовая захада, а далей, можа, і запусцяць»

«Слаба верыцца, што на гэтым усё спыніцца. Усё ж такі там грошы ўкладзеныя вялікія».

Праціўнікі будаўніцтва заводу таксама заклікаюць не губляць пільнасці і нагадваюць – завод яшчэ не закрылі канчаткова. Зміцер Бекалюк зазначае:

«Свінцовая варта працягваецца, колькасць людзей, якія будуць карміць галубоў, не будзе аслабляцца. Увогуле, запрашаем усіх берасцейцаў на сустрэчу з мэрам, якая будзе ў гэтую нядзелю а 12:00».

Акурат на анансаванай сустрэчы і можна будзе задаць свае пытанні. Хоць бы тыя, што засталіся без адказу тыдзень таму.

«Вярніце людзям грошы, атрыманыя ад штрафаў ад неправамерных судоў. За што людзі пацярпелі?»

«Самасюка звольніць за прафесійную непрыдатнасць!»

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu