Праца, трэнінгі і арт-тэрапія: у Бягомлі вучаць жыць без алкаголю


Навучыцца жыць без алкаголю і наркотыкаў ужо тры гады дапамагае цэнтр «Светач» пры бягомльскай рымска-каталіцкай парафіі.

Дзень ва Уладзіміра пачынаецца а сёмай раніцы. Спачатку прыбіранне пакою, затым сняданак, а потым – малітва. Пасля – вызначэнне плану на дзень, фізічная праца, псіхалагічныя трэнінгі, групавыя заняткі ды арт-тэрапія. Уладзімір – пацыент Цэнтру дапамогі залежным ад алкаголю ды наркотыкаў. Звярнуцца ў «Светач» яму параіў доктар.

«Давер жонкі знік, давер дзяцей. На валаску вісела страта працы. Страціў давер знаёмых, суседзяў, стала страшна застацца аднаму», – кажа пацыент цэнтру «Светач» Уладзімір.

Алкагалізм – гэта не вынік распусты ці слабавольнасці. Гэта хвароба – тлумачыць псіхолаг Таццяна Шчэпіна. І лечыцца гэтая хвароба найэфектыўней у групе.

«Калі чалавек даведваецца, што гэта хвароба, то гэта становіцца для яго адкрыццём. І з гэтай хваробай трэба жыць, спраўляцца, каб яна не прагрэсавала», – гаворыць Таццяна Шчэпіна.

Hавiны
Падлеткі ў Беларусі купляюць алкаголь 20 тысяч разоў на год, а ў іх не пытаюцца пашпарт
2019.07.11 17:40

У бягомльскім цэнтры «Светач» вучаць не толькі не піць алкаголь, але і планаваць сваё жыццё, каб жыць цвяроза. Падставай для курсу рэабілітацыі служыць праграма «12 крокаў» руху «Ананімных алкаголікаў».

«Мы разглядаем першыя тры крокі, якія дазваляюць раскрыць сапраўдную сутнасць таго, што адбываецца з чалавекам. Прапісваючы журнал, чалавек аналізуе, робіць нейкія высновы. І пры гэтым свае высновы ён кажа не сабе, а групе», – адзначае кіраўнік цэнтру «Светач» Уладзімір Шчэпін.

Жыць і праходзіць рэабілітацыю ў цэнтры адначасова могуць 6 мужчынаў і 4 жанчыны. Яны мусяць самі гатаваць, прыбіраць у пакоях, плаціць за ежу і камунальныя паслугі. Пасля некалькіх месяцаў яны вяртаюцца да працы і родных, якія чакаюць дома.

«Яны ведаюць, які я цвярозы, і спадзяюся, што я буду весці цвярозы лад жыцця. А калі я цвярозы, я вельмі добры», – кажа пацыент цэнтру Уладзімір.

Калі вяртацца няма куды – прытулак для афармлення дакументаў і пошукаў працы дасць «Дом на паўшляху», створаны Бягомльскай парафіяй у вёсцы Бярозаўка.

Hавiны
Дзяржава хоча, каб беларусы пілі менш, але працягвалі набываць алкаголь
2019.06.14 09:38

«Быць цвярозым – гэта праца. Гэта цяжкая праца. Трэба працаваць над сабой. З неба гэта не зваліцца, і калі таблетку вып’еш – то не выздаравееш», – кажа Таццяна Шчэпіна.

На імшу з нагоды трохгоддзя бягомльскага цэнтру дапамогі залежным ад алкаголю прыехалі госці з Паставаў, Глыбокага, Менску, Наваполацку, Віцебску ды іншых гарадоў. За тры гады праз «Светач» прайшлі 56 чалавек. Да цвярозага жыцця вярнуліся 20.

Агулам жа ў нашай краіне, паводле Рэспубліканскага цэнтру наркалагічнага маніторынгу, на ўліку стаяць 253 тысячы хворых на алкагалізм.

Аляксандр Папко, «Белсат»