Пратэст у Светлагорску: Лукашэнка адчыніць небяспечны завод


Гэта, вядома ж, не сонечныя Эміраты, а наш родны Светлагорск. Хай сабе шэра, мокра і халадно, затое жыццё віруе напоўніцу! Прынамсі на тэрыторыі мясцовага камбінату сульфатна-беленай цэлюлозы ды ваколіцах прадпрыемства. Будаўнічыя брыгады прыехалі сюды з розных гарадоў. Людзі працуюць літаральна не пакладаючы рук.

«Белсат» запытаў у будаўнікоў, што яны тут робяць і да візіту каго рыхтуюцца. У адказ – «Бацька».

Чуткі пра тое, што акліматызоўвацца пасля сонечнага Абу-Дабі Лукашэнка заедзе і ў Светлагорск, пацвярджаюць і працаўнікі прадпрыемства.

Да дрэваапрацоўкі кіраўнік Беларусі няроўна дыхае даўно

То ўкладае ў яе мадэрнізацыю мільёны долараў, то забараняе працаўнікам галіны звальняцца. Уласна пра патрэбу ў вытворчасці цэлюлозы ў Светлагорску цвердзіць прынамсі апошнія 15 гадоў. У студзені ж сёлета паставіў задачу рубам: увесці ў эксплуатацыю завод сульфатна-беленай цэлюлозы да 7-га лістапада! Як той казаў, імем рэвалюцыі!

Паводле планаў уладаў, супольнае беларуска-кітайскае прадпрыемства зможа перапрацоўваць штогод па 2,5 мільёны кубаметраў драўніны і выпускаць ажно 400 тысяч тонаў сульфатна-беленай цэлюлозы.

Чаму ж залатая курка столькі гадоў была даўгабудам?

«Завод беленай цэлюлозы павінен быў запусціцца яшчэ ў 2015-м годзе. Перанос тэрмінаў на два гады сведчыць пра тое, што завод не толькі будуецца без зацверджанага праекту, але і што былі праблемы тэхнічнага плану», – даводзіць Анатоль Змітровіч з ініцыятыўнай групы супраць будаўніцтва заводу.

Мясцовыя актывісты білі трывогу з самага пачатку будаўніцтва прадпрыемства ды фіксавалі шматлікія парушэнні тэхналогіі падчас наладжвання небяспечнай вытворчасці. Цяперашні паспешлівы аўрал да прыезду Лукашэнкі таксама ўплывае на якасць будаўнічых працаў.

«Я размаўляў з працаўнікамі. Яны сказалі: калі б нам далі хаця б тры месяцы, мы б больш якасна рабілі працу. Калі ўзяць тыя вуліцы, па якіх пракладзены асфальт – там няма аніводнай лінёўкі! Пра што гэта кажа? Пра тое, што ўзімку, калі будзе раставаць вада, ёй не будзе куды сыходзіць – а зранку будзе галалёдзіца! Што з ім рабіць?», – абураецца Анатоль Змітровіч.

Рыхтуюцца да прыезду Лукашэнкі ў Светлагорску не толькі будаўнікі ды калектыў заводу цэлюлозы. З панядзелка мясцовыя праваахоўнікі пачалі настойліва «запрашаць» на «прафілактычныя размовы» тамтэйшых актывістаў: каб хоць яшчэ якой рэвалюцыі 7-га лістапада зноўку не здарылася…

Валер Руселік, «Белсат»