Пратэст у Менску. Замест дрэваў – паркінг для міліцыі


Чарговы скандал праз будаўніцтва і знішчэнне зялёнае зоны ў Фрунзенскім раёне сталіцы. Гэтым разам гарадскія ўлады пастанавілі пабудаваць не жылы комплекс, а міліцэйскія ўстановы ды паркінг на 100 месцаў.

Ва ўтульным двары, што на вуліцы Данілы Сердзіча, на месцы ўстановы пачатковай адукацыі ўлады хочуць пабудаваць ізалятар часовага ўтрымання, будынак ДАІ і пракуратуру, а замест скверу зрабіць вялікі паркінг.

«Там дзіцячыя кружкі. Там усё было добра. Яны зрабілі падробленую экспертызу, сказалі, што будынак разбураецца. Гэта яўны падман і на гэтым яны распачалі ўсю гэтую гісторыю», – даводзіць мясцовая жыхарка Таццяна Дзянісава.

Гараджане запрасілі на сустрэчу кіраўніка адміністрацыі Фрунзенскага раёну

Але ні яму, ні ягоным падначаленым не ўдалося да канца распавесці пра планы забудовы. Людзі абураліся і вінавацілі ўлады ў падмане ды нежаданні прыслухоўвацца да іхных інтарэсаў. Яны нават прымусілі чыноўнікаў праглядзець прамову Лукашэнкі супраць ушчыльнення ў сталіцы. Пасля чаго кіраўнік адміністрацыі Арцём Цуран сышоў у суседні пакой са словамі, што там ён будзе прымаць грамадзянаў з іншымі пытаннямі.

Людзі спадзяюцца, што здолеюць перамагчы ў гэтым канфлікце

Бо ў Фрунзенскім раёне дастаткова месцаў для будаўніцтва. Знішчэнне ж 150-ці дрэваў у двары побач з вуліцаю Прытыцкага, дзе і ў дзень і ўначы адбываецца інтэнсіўны рух, яшчэ больш пагоршыць экалагічную сітуацыю, якая і без таго набліжаецца да крытычнай адзнакі.

Сотні подпісаў гараджанаў скіраваныя ў розныя ўстановы

Ці прыслухаюцца ўлады да людзей гэтым разам? Ці стануць чыноўнікі шукаць іншыя пляцоўкі для міліцэйскіх будынкаў? Ці здолеюць людзі вярнуць дзіцячую ўстанову? Адказы на гэтыя пытанні прагучаць бліжэйшым часам.

Любоў Лунёва, «Белсат»