Пратэст працягнецца, пакуль дэкрэту не адменяць


Абурэнне неканстытуцыйным дэкрэтам № 3 абʼядноўвае як самых розных беларусаў па ўсёй краіне, гэтак і прадстаўнікоў самых розных палітычных структураў. Супольнымі сіламі яны будуць ладзіць агульнанацыянальны пратэст супраць падатку на дармаедства 15-га сакавіка. А ўжо ў найбліжэйшыя выходныя пройдуць акцыі нязгоды ў асобных гарадах краіны. На імправізаванай прэс-канферэнцыі прадстаўнікоў кампаніі «Мы не дармаеды» пабываў Яраслаў Сцешык.

Нарэшце апазіцыя абʼядналася?

Не ціснуць на беспрацоўных, а ствараць працоўныя месцы заклікаюць прадстаўнікі апазіцыі. Упершыню за доўгі час розныя апазіцыйныя партыі, арганізацыі і рухі аб’ядналіся супраць Дэкрэту №3.

Каб адмяніць падатак, які дзяржава збірае з беспрацоўных людзей, у кампанію «Мы не дармаеды» аб’ядналіся і сацыялісты, і хрысціянскія дэмакраты, і зялёныя, і партыя жанчын – агулам 9 палітычных структураў. І ў сталіцы, і ў рэгіёнах яны сабралі больш за 75 тысяч подпісаў за адмену дэкрэту. Ды рыхтуюць новы буйны марш не згодных з падаткам

«15-га сакавіка – Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь – мы прапануем зрабіць днём агульнанацыянальнага пратэсту супраць Дэкрэту №3», – зазначыў Віталь Рымашэўскі з БХД.

Агульнанацыянальны пратэст апазіцыйныя лідары абвесцілі сёння праз вулічную прэс-канферэнцыю ля Камароўскага рынку ў сталіцы. Яны запрасілі на Марш недармаедаў і Аляксандра Лукашэнку разам з усімі ягонымі міністрамі, каб той пачуў голас народу. Ладзіць акцыі пратэсту супраць дэкрэту апазіцыя заклікае ва ўсёй краіне.

У гэтыя выходныя акцыі пратэсту чакаюць Баранавічы, Віцебск, Бабруйск

Менавіта ў рэгіёнах праблема беспрацоўя найвастрэйшая. Працы проста няма, падатковыя інспекцыі дасылаюць «лісты шчасця», а праўладныя дэпутаты ў адказ на звароты грамадзянаў пішуць, што ўсё ў парадку.

«Напісалі, што ў краіне скарачаецца беспрацоўе, ствараюцца новыя працоўныя месцы, хаця ўсе мы ведаем, што за 2 гады вазні вакол гэтага дэкрэту чыста звольненых па краіне 190 тысячаў чалавек», – кажа каардынатар маршу недармаедаў Уладзімір Шанцаў.

Акцыі пратэсту працягнуцца, пакуль дэкрэту не адменяць

Апазіцыйныя лідары папярэджваюць уладу: народны лозунг аб адмене падатку на папярэджанне сацыяльнага ўтрыманства можа перабрацца і на традыцыйнае шэсце ў Дзень Волі 25-га сакавіка.

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum