Пратэст пад час пандэміі


Як пратэставаць супраць дзеянняў уладаў, і пры гэтым не парушыць умоваў каранціну? Гэта ведаюць тысячы жыхароў Бялграду ды іншых сербскіх гарадоў. Людзі пратэстуюць супраць надзвычайнага становішча, уведзенага 15 сакавіка, а дакладней, супраць рашэнняў кіроўнай Прагрэсіўнай партыі за гэты час.

Чацвёртая ноч запар у шэрагу сербскіх гарадоў пачынаецца з перазвону посуду. Гэтак людзі пратэстуюць і супраць уведзенага 15 сакавіка надзвычайнага становішча, і супраць палітыкі прэзідэнта краіны Александра Вучыча.

«Мы заклікаем людзей выказваць сваё незадаволенне гучным шумам і адказным чынам паказаць, што мы ня згодныя з сітуацыяй у нашым грамадстве», – кажа апазіцыйны актывіст Добрыца Вэсэлынавіч.

Сербскія каранцінныя захады ці ня самыя суворыя ў Еўропе: ня толькі закрытыя крамы і кавярні ды забароненыя масавыя імпрэзы. Забароненыя шпацыры ды заняткі спортам на адкрытым паветры, спыненыя міжгароднія перавозкі. Тым часам улады, на меркаванне апазіцыі, выкарысталі надзвычайны стан у сваіх мэтах і прынялі цэлы шэраг спрэчных законапраектаў. Тым часам эканамічны стан шараговых сербаў імкліва пагаршаецца, абураецца былы мэр Бялграду і лідар пратэстаў Драган Джылас:

«Дзевяностыя вярнуліся, яшчэ ў горшай форме. Адсюль і вяртанне такой формы пратэсту. Летась мы намагаліся зарганізаваць людзей на штосьці такое, але менавіта цяпер стала відавочна, што людзі ня могуць больш трываць гэтай каменданцкай гадзіны і не пагаджаюцца з дзеяннямі ўладаў».

У 1996 годзе менавіта з такіх пратэстаў на гаўбцах распачаліся акцыі, што прывялі да зрынання рэжыму Слабодана Мілошэвіча. Дзейны прэзідэнт Сербіі Александр Вучыч у той час быў міністрам інфармацыі. Сёння ягоная Прагрэсіўная партыя кантралюе ўсе пяць нацыянальных тэлеканалаў і большасць штодзённых друкаваных выданняў. Праўда, спадзеваў на хуткую змену ўлады ў краіне няшмат, кажа Боян Клачар, аналітык з Цэнтру за вольныя выбары і дэмакратыю:

«Натуральна, незадаволенне ў грамадстве ёсць. Аднак добрая навіна для прэзідэнта ў тым, што гэтае незадаволенне значна большае, чымся апазіцыйныя партыі ў стане акумуляваць. Я маю на ўвазе: недавер да Вучыча значна вышэйшы за прыхільнасць да ягоных апанентаў».

На сёння ў Сербіі зафіксаваныя восем тысячаў семсот выпадкаў каронавіруса: прырост складае каля дзвюх соцень за дзень. Смерцяў – 173. Улады сцвярджаюць, што без такіх суворых каранцінных захадаў гэтыя лічбы былі б у разы большыя.

Усевалад Шыкаў, «Белсат»

Фота: SUSANA VERA / Reuters / Forum