Прасіце «бацьку»! У казках – залатая рыбка. У беларусаў – Лукашэнка


У казках ёсць Залатая рыбка, у беларусаў – Аляксандр Лукашэнка. Гадамі не можаш зарабіць на патрэбную рэч? Папрасі яе ў кіраўніка краіны. Гэтак зрабіла Вольга Снігір. Шматдзетная маці праз афіцыйны прэзідэнцкі сайт папрасіла кіраўніка краіны падарыць яе сям’і… карову.

«Лазіла, можна сказаць у інтэрнэце, глядзела сайты розныя. Тут наткнулася на сайт прэзідэнта і вырашыла там напісаць. … будзе што будзе: падораць – добра, не – ну не. Яна не чакала што ёй адкажуць, а тут праз тыдзень…», – узгадвае Сяргей Снігір, муж Волі, трактарыст і шматдзетны бацька.

Карова з рэкордным удоем

На даручэнне кіраўніка краіны мясцовая гаспадарка «Ясень-АГРА», якая, дарэчы, праходзіць працэдуру банкруцтва, раптам знайшла грошы і набыла для сям’і карову з рэкордным для раёну ўдоем. Але і на гэтым ласка не скончылася. Улады Магілёўскай вобласці падарылі сям’і даільны апарат, двухʼярусны дзіцячы ложак і ноўтбук. І, хоць гэтыя падарункі пасыпаліся не асабіста ад Аляксандра Лукашэнкі, а на ягонае даручэнне, сям’я не хавае радасці.

Дарэчы, «…карову, якая адправіцца на ягоную ферму» паўтара месяца таму атрымаў у падарунак і сам Аляксандр Лукашэнка.

На прэзідэнцкай ферме не толькі ўзорная жывёла

Але і ўраджай садавіны, што самім не з’есці. А таму прыкарміць можна і праўладных журналістаў, падарыўшы ім на вяселле мех бульбы.

Шчырае стаўленне да народу – гэта не паказушныя падачкі, лічыць апазіцыйны палітык Анатоль Лябедзька, а створаныя для людзей умовы самім зарабіць сабе на неабходнае.

«Каб Аляксандр Рыгоравіч выйшаў на экран »Белсату« і сказаў: «Вось глядзіце, чаго я дасягнуў за 20 з нечым гадоў кіравання. У нас кожная шматдзетная сям’я можа купіць карову: аўтамабіль, дом і з’ездзіць у адпачынак. А так гэта паводзіны аўтарытарнага кіраўніка, які хоча дзевяць з паловаю мільёнаў людзей паставіць у адну вялікую чаргу да сябе за падачкамі», – мяркуе Лябедзька.

Сам жа Лукашэнка атрымлівае падарункі іншай вартасці

«Мне падарылі гэтую машыну на дзень народзінаў…», – тлумачыў дарагі прэзент кіраўнік Беларусі.

Цікава, як на просьбу шараговага беларуса не пра карову ці бульбу, а пра «Майбах» адрэагаваў бы Лукашэнка?

Вольга Старасціна, «Белсат», фота: BelTA / TASS / Forum