Прапагандыстам з РФ забароняць уезд у Беларусь?

Разгараецца новая вайна паміж саюзнікамі – тэлевізійная. Забараніць уезд на тэрыторыю Беларусі вядоўцам расейскага НТВ, а таксама даць канкрэтны сігнал з боку МЗС расейскім палітыкам. Такія заклікі гучаць у дзяржаўных медыях Беларусі. Гэта сталася рэакцыяй на параўнанні ў расейскім эфіры палітыкі Лукашэнкі ці то з гуляшчаю жонкаю, ці то з гуляшчым мужам.

Ток-шоу на расейскім тэлебачанні ператварыліся ў цырк

У студыю ОНТ запрасілі Андрэя Дзмітрыева, які адзіны з беларусаў браў удзел у запісе праграме на НТВ, таксама лідара БНФ, які паскардзіўся, што з ягонай прамовы пакінулі толькі траціну. Але найбольш крытыкавалі і расейскае тэлебачанне, і палітыку Маскву акурат не апаненты Аляксандра Лукашэнкі.

«Неабходна папулярна растлумачыць гаспадарам гэтых Норкіных, што трэба сваіх трымаць на кароткім ланцугу і гэтыя людзі проста павінныя стаць персонамі нон-грата», – упэўнены дэпутат парламенту Ігар Марзалюк.

Расея дзеліць Беларусь з Еўропай

Падставаю для скандальнага эфіру НТВ стаўся ўдзел Беларусі ў саміце «Усходняга партнёрства». У студыі НТВ не спыніліся на самапагрозах, што Менск можа пайсці шляхам Кіева. Афіцыйны Менск абвінавацілі ў шантажы, а пасля перайшлі на ўзровень ніжэй, калі назвалі Беларусь «яшчэ адной гуляшчай жонкай».

Адказваючы на крытыку расейцаў, палітычны аналітык Пётр Пятроўскі ўзгадаў і перавод беларусаў у міжнародныя тэрміналы ў расейскіх аэрапортах і спрэчкі ў энергетычных пытаннях, якія ўсцяж пераследуюць Менск і Маскву.

«Увядзенне пашпартнага кантролю, хто дэзінтэгруецца? Расейская Федэрацыя. Адзіная энергетычная прастора, яны крычаць, што Беларусь нахлебніца, патрабуе танных коштаў на газ. А хто падпісваў у 98-ым годзе дамову пра адзіныя кошты, а пасля дэнансаваў, а сёння не хоча выконваць?», – рытарычна пытае палітычны аглядальнік Пётр Пятроўскі.

Гэта яшчэ не вайна

Выглядае, што ў Маскве не залічылі ані манеўраў «Захад-2017», ані таго, што ў кіраўнік краіны не паляцеў у Брусель.

«Беларусь параўналі з гуллівай жонкай, гэта азначае што грош цана ўсім заявам пра раўнапраўную інтэграцыю. Масква мысліць у духу дамастрою. У метафарычным плане адлюстравана імперскае мысленне, калі казаць наўпрост», – тлумачыць палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

На расейскіх ток-шоу даўно ўжо ніхто не можа нават скончыць думку, бо ўсцяж перабіваюць і абражаюць, кажа Юры Хашчавацкі. І дадае, увесь хайп робіцца напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі дзеля «падвышэння градусу грамадскага тэмпераменту».

Забароняць ці не забароняць НТВ?

На крытыку расейскіх журналістаў пакуль адказалі толькі медыі. Яшчэ на мінулым тыдні СБ адміністрацыі прэзідэнта апублікавала карыкатуру на НТВ. На ўзроўні ж самой адміністрацыі, як і на ўзроўні МЗС, пакуль вытрымліваюць дыпламатычную паўзу.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат», фота: ntv.ru

Глядзі таксама