Праймерыз падчас эпідэміі

Тым часам у Беларусі, нягледзячы на небяспечную эпідэміялагічную сітуацыю, у Берасці і Драгічыне прайшлі праймерыз – выбары адзінага кандыдата ад правацэнтрысцкай апазіцыі. Каму аддалі перавагу жыхары рэгіёну і як апазіцыйныя лідары збіраюцца перамагаць Аляксандра Лукашэнку?

63 асобы са 116 – столькі ўдзельнікаў праймерыз у Берасці аддалі перавагу Паўлу Севярынцу. Паводле яго, адзіны шлях да змены ўлады – гэта масавыя пратэсты і нацыянальная забастоўка пад лозунгам «Лукашэнка – сыходзь!»

«Сітуацыя з Берасцейскім акумулятарным заводам, калі некалькі соцень людзей дамагліся закрыцця заводу, павінна быць прыкладам для ўсёй Беларусі. Кожную нядзелю а 12 гадзіне калі беларусы пачнуць выходзіць за Беларусь супраць Лукашэнкі, супраць Ярмошынай і фальсіфікацыяў, я перакананы, мы пераможам!» – заявіў лідар Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.

Удзельнікі пратэстаў супраць акумулятарнага заводу таксама прыйшлі на сустрэчу.

«Я галасавала за Севярынца. Мне падабаецца яго пазіцыя, мне падабаецца яго настрой. Ён больш баявы», – прызналася ўдзельніца пратэстаў супраць заводу АКБ Людміла Карчэўская.

Менш баявым быў кіраўнік руху «За Свабоду». За яго прагаласавалі ўдвая менш людзей – 34 чалавекі. Масавае падтрыманне людзей і зарганізаванасць, на думку Юрася Губарэвіча, адахвоціць улады фальсіфікаваць выбары.

«Тут перамагае фармат Плошчы – заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых акцыях, на якія, на жаль (і гэта цікавая тэндэнцыя) самі ўдзельнікі галасавання ісці не збіраюцца ды сваіх суседзяў вывесці не змогуць. Аднак галасуюць за такі фармат. Гэта ў пэўнай ступені нонсэнс!» – пракаментаваў Юрась Губарэвіч.

Праймерыз адбудуцца яшчэ ў Пінску, Століне і Баранавічах, калі апазіцыйным лідарам не перашкодзіць пандэмія.

«Мы паглядзім яшчэ на тую сітуацыю, якая складзецца, на тыя каментары, якія будзе даваць Міністэрства аховы здароўя. Я хацела б да іх таксама звярнуцца, каб яны далі рэальную лічбу людзей, якія хварэюць на каронавірус, і ўвялі каранцін», – зазначыла Вольга Кавалькова.

Праймерыз толькі заахвочваюць людзей прыходзіць на выбары, якія ўлады фальсіфікуюць, – крытыкуе апазіцыянераў метадолаг Уладзімір Мацкевіч:

«Калі б усе апазіцыйныя і грамадскія дзеячы заявілі, што гэтае махлярства, трэба байкатаваць, то гэта лягло б цалкам на грамадскае меркаванне. Людзі б не пайшлі. І тады можна было б фіксаваць пустыя ўчасткі».

Адразу пасля Берасця праймерыз правялі ў ДрагІчыне: з 38 удзельнікаў 24 там прагаласавалі за Юрася Губарэвіча. Перадвыбары працягнуцца да 17 сакавіка. Імя адзінага кандыдата ад цэнтраправых агучаць 31 сакавіка – пасля галасавання ў інтэрнэце і на Кангрэсе дэмакратычных сілаў.

Аляксандр Папко «Белсат»

Глядзі таксама