Праект Яраслава Раманчука: замест дармаедскага падатку – дапамога ад дзяржавы

Развіццё рынку працы замест грашовых спагнанняў з беспрацоўных. Альтэрнатыву Дэкрэту аб дармаедах жыхары Бабруйску, дзе адбылося першае грамадскае абмеркаванне дакументу, успрынялі з энтузіязмам. Для беспрацоўнай каля трох гадоў сямейнай пары – Аляксея Алешкі і Таццяны Калеснік – праект прапановаў стаўся ледзь не апошняй надзеяй на годнае жыццё.

«Тут у Беларусі ўладкавацца на працу, асабліва ў нашым Бабруйску, – проста нерэальна. Гэта тое самае, што паставіць вядро і віламі набіраць ваду», – цвердзіць беспрацоўны Аляксей Алешка.

Таццяна і Аляксей працавалі ў Менску

Аднак у крызісныя часы падпалі пад скарачэнне і пераехалі ў родны Бабруйск. Уладкавацца тут нават на самую простую працу так і не атрымалася. Рады не даў ні мясцовы цэнтр занятасці, ні кірмашы вакансіяў. Цяпер сям’я выжыве за кошт уласнай гаспадаркі і дапамогі ад сваякоў.

Вырашыць праблему беспрацоўя без правядзення грунтоўных эканамічных рэформаў немагчыма, – кажуць правацэнтрысты. На іхную думку, прапанаваны праект заканадаўчых зменаў – добрая альтэрнатыва дэкрэту № 3.

«Дэкрэт №3 у існуючым выглядзе трэба адмяніць, а прыняць пакетнае пагадненне, якое мы распрацавалі. Яно датычыцца адраснай сацыяльнай абароны, адукацыі, датычыцца аховы здароўя, а таксама комплексу мераў па развіцці прадпрымальніцтва», – даводзіць Яраслаў Раманчук, кіраўнік працоўнай групы.

Падаткі плоцяць усе!

Для ўладаў палітыкі падрыхтавалі аргумент і на заяву, што беспрацоўныя грамадзяне нібыта не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў, але карыстаюцца сацыяльнымі паслугамі.

«Яны гавораць – адукацыя, ахова здароўя. Там кожны чалавек нясе затраты. А мы падлічылі, што кожны з нас, заходзячы ў краму, аплочваючы мыту за аўтамабіль, кожны плоціць 42 долары – гэта ўскосных падаткаў. Кожны, нават, калі ён не працуе, таму ўлада проста хлусіць. І мы прапаноўваем што зрабіць і ў сферы адукацыі, і ў ахове здароўя», – зазначыў палітык Анатоль Лябедзька.

Тыдзень таму прэзентаваць дакумент у Палаце прадстаўнікоў мелася дэпутатка Ганна Канапацкая. Але ёй адмовілі. Нягледзячы на перашкоды, аўтары альтэрнатыўных дэкрэту рэформаў спадзяюцца на дыялог з мясцовымі ўладамі ў рэгіёнах ды падтрымку грамадзянаў. Да прыняцця ж новай рэдакцыі дэкрэту №3 застаецца менш за два тыдні.

Юлія Лабанава,«Белсат», фота: Viktor Drachev / TASS / Forum

Глядзі таксама