Прадстаўнікі дэмакратычных партыяў выпрацавалі рэформы для Беларусі на будучыню


Стварыць новыя працоўныя месцы, пазбавіцца бюракратыі ў медыцыне, адукацыі, сістэме ЖКГ, увесці назапашвальную пенсію, незалежныя суды, змяніць выбарчае заканадаўства. Прадстаўнікі сямі дэмакратычных партыяў і рухаў – збольшага былыя ўдзельнікі гэтак званых праймерыз – спробы вылучыць адзінага кандыдата – прадставілі праекты 14 рэформаў для Беларусі.

«Тая эканамічная мадэль, якая будавалася на прынцыпе паразіта і гульні, скажам, з Захадам і з Усходам, яна ўжо зараз не спрацоўвае. І, калі мы хочам захаваць краіну, калі мы хочам думаць пра яе развіццё, а не таптацца 10 год у спробах рэалізацыі абяцаных 500 долараў, то патрэбны гэтыя рэформы», – кажа старшыня БСДП «Грамада» Ігар Барысаў.

Што праўда, прадставіць рэформы на разгляд парламенту мае сэнс ужо пры новым прэзідэнце, адзначаюць аўтары плану рэфармавання. Калі ж той 9 жніўня ня зменіцца, застаецца задача мінімум – распачаць пра іх дыскусію ў грамадстве.

«Калі ў нас застаецца гэта няшчасце – стары прэзідэнт Саша тры адсоткі, гэта азначае, што ўсё роўна мы мусім гаварыць людзям: вось, глядзіце, вось яго прапанова, а вось наша прапанова. І вы мусіце выбіраць. Гэта тады людзей матывавала на іншыя нейкія дзеянні: на забастоўку», – мяркуе Анатоль Лябедзька з цэнтру «Еўрапейскі дыялог».

Тысячы людзей па ўсёй Беларусі выстройваюцца ў чаргу на пікеты альтэрнатыўных кандыдатаў. Грамадская актыўнасць у дачыненні рэформаў можа таксама стаць штуршком, што вымусіць улады пайсці на некаторыя саступкі, спадзяюцца аўтары распрацовак.

«Напрыклад, адмянялі квартплату павышаную за інтэрнаты летась, калі паўстала грамадская кампанія за змены заканадаўства ў гэтай галіне, дэкрэт аб дармаедах – таксама такі прыклад, як можна паўплываць нават у таталітарнай, аўтарытарнай краіне, якой з’яўляецца Беларусь», – кажа сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця прадказвае падзенне беларускаму валавому прадукту прынамсі на пяць адсоткаў. Незалежныя эканамісты крытыкуюць і няўдалыя мадэрнізацыйныя праекты – вытворчасці цэменту, шкла, цэлюлозы і дрэваапрацоўкі. Без палітычнае волі да пераменаў, застаецца толькі чапляцца за старыя планы.

«Афіцыйны прагноз 2.8 узросту ВУП ніхто не адмяняў. Так што ўлады робяць усё, каб прынамсі захаваць тую мадэль, якая існуе. На жаль, тыя крыніцы ўзросту, якія былі, іх ужо не існуе, гэта расейскі нафтавы крэдыт, гэта каньюктура расейскага рынку», – лічыць кіраўнік навукова-даследчага цэнтру МІЗЭСА Яраслаў Раманчук.

Азнаёміцца з папярэднім пакетам рэформаў ды даслаць свае прапановы можа кожны беларус праз адмысловы сайт zabelarus.com. Гэтаксама па кожнай з 14 рэформаў распрацоўшчыкі зменаў адмысловыя петыцыі для іх прасоўвання.

Юлія Лабанава, «Белсат»