Прадпрымальнікі з «Гарызонту» просяць знізіць арэнду

95–98 адсоткаў. Настолькі зменшылася колькасць наведнікаў за апошнія паўтара месяца ў гульнёвай прасторы «Кувалда». Арганізацыя прапаноўвае памяшканне для імпрэзаў, а таксама мае кўэст «Нарнія» – прыгодніцкую гульню.

«Ну вось гэта і ёсць пачатак кўэсту «Нарнія». І звычайна тут наведнікаў Нарніі, людзей, якія выратоўваюць краіну, вельмі шмат, 20 за тыдзень, пад 100 за месяц. На жаль, сёння я амаль адзіны жыхар гэтай краіны», – кажа ўласнік прасторы Юры Алейнік.

Цяпер праходзяць максімум два кўэсты за тыдзень, а апошняя імпрэза была два тыдні таму. Прадпрымальнік арандуе амаль 350 квадратных метраў былога заводу «Гарызонт» і плаціць арэнду больш за паўтары тысячы еўраў. Месяц таму, аднак, арэндадаўца пайшоў насустрач прадпрымальнікам.

«Гэта было фіксаванне курсу еўра на стан першага сакавіка. І гэтае фіксаванне яны падоўжылі на тры месяцы, 1 чэрвеня яно скончыцца. Нам здавалася, што гэта будзе крок насустрач, далей будзе паніжэнне ці некія адтэрмінаванні. На жаль, не», – расказвае прадпрымальнік.

Віталь Рынкевіч, кіраўнік аддзелу развіцця камерцыйнай нерухомасці закрытага акцыянернага таварыства «Гарызонт-Белінвест-Дэвелапер», асвятліць пазіцыю арэндадаўцы адмовіўся. На мінулым тыдні быў прыняты ўказ прэзідэнта аб падтрыманні эканомікі. Паводле яго, магчыма адтэрмінаваць выплату падатковых крэдытаў, увесці арэндныя канікулы.

Указ прэзідэнта адкрывае новыя дзверы для прадпрымальнікаў. Але скарыстацца падтрыманнем – той яшчэ кўэст. Меры ва ўказе – гэта збольшага рэкамендацыя. І некаторыя арэндадаўцы пакуль не спяшаюцца даваць зніжак і адтэрмінавання арэнднай платы.

Былы завод «Гарызонт» апошнімі гадамі пераўтварыўся ў творчы і забаўляльны кластар. Школы танцаў, бюро перакладаў, фотастудыі. Увесь гэты бізнес цяпер цярпіць страты. Імкнучыся выжыць, прадпрымальнікі сабраліся сёння, каб напісаць калектыўны зварот арэндадаўцу з просьбаю знізіць плату. У памяшканнях «Гарызонту» – каля ста арандатараў. Шмат хто з іх уклаў немалыя грошы ў рамонт арандаванай прасторы.

«Гэтыя ўсе людзі не могуць проста ўзяць і сказаць: «Мы пакуль на гэты час не будзем арандаваць», – нават калі ім дадуць магчымасць. Вось я, калі з‘еду, згублю 8 тысяч долараў і год працы», – кажа адзін з прадпрымальнікаў Дзмітрый Кудраўцаў.

Шмат хто з прадпрымальнікаў можа аплаціць арэнду толькі часткова. А паводле дамовы за пратэрмінаваную аплату арэндадаўца адключае электрычнасць.

«Усе грошы, якія мы зарабляем, ідуць да іх, я іх не пакідаю сабе. Мы выходзім, рызыкуем сваім здароўем, здароўем кліентаў, каб заплаціць ім грошы, а яны прыходзяць і адключаюць электрычнасць», – кажа ўласнік фотастудыі Мікалай Казлоўскі.

«Я думаю, што зараз усе нашыя фінансавыя паступленні пакрываюць каля 30 адсоткаў нашых плацяжоў: арэндных, камунальных і эксплуатацыйных», – кажа прадпрымальнік Сяргей Надуліч.

Паводле новага ўказу, дзяржаўныя арганізацыі могуць адтэрміноўваць для прадпрымальнікаў арэнду да 30-га верасня. Тое ж датычыць і падаткаў. Але аплаціць запазычанасць прадпрымальнікі мусяць да снежня. То бок прынамсі два месяцы бізнесоўцы мусяць аддаваць падвоеную арэндную плату: за папярэднія месяцы і за бягучы.

«То бок у вас бізнес павінен пачаць працаваць меркавана ў 2–3 разы лепей, чым у мінулыя разы, каб вы маглі гэтыя грошы вярнуць. Гэта яўна несурʼёзнае дапушчэнне. Гэта вельмі мала па часе і гэта вельмі сціснуты тэрмін растэрмінавання», – гаворыць эканаміст Сяргей Чалы.

Паводле ўказу, мясцовыя органы маюць права зменшыць маёмасныя падаткі. Такая магчымасць была і раней, але, паводле эканаміста, мясцовыя ўлады ёй рэдка карыстаюцца.

Наста Кахановіч, «Белсат»

Глядзі таксама