Прадпрымальнікі просяць абвесціць каранцін

Гомельская танцшкола «Disлокация» пачала працу 4 гады таму, з адным выкладчыкам, з раздавання рэкламных улётак на вуліцы. Кірункі танцу – самыя папулярныя ў дзяцей: хіп-хоп, джаст фанк, модэрн-джаз. Паступова бізнес развіўся, у школе – тры настаўнікі і пад 200 вучняў. Было… Бо ўсё з‘еў каронавірус. На заняткі ходзяць адзінкі.

«Пакуль нас не дакранулася, мы стараемся сюды хадзіць», – кажа Юлія, маці вучаніцы.

«Як сама ІПэшніца, я лічу, што тут мусіць дапамагаць дзяржава, каб дзяржава неяк планавала прыпыніць крэдыты, арэнду, падаткі», – мяркуе Ганна, маці іншай вучаніцы.

Кіраўніца «Дыслакацыі» Ірына Баранава добра разумее, чаму бацькі не рызыкуюць вадзіць дзяцей на заняткі – бо вірус пагражае жыццю і здароўю.

«І гэта па ўсіх дзіцячых школах, па ўсіх «развівайках», школах ангельскай мовы, танцавальных школах. Адна са школаў ужо зачынілася», – кажа Ірына Баранава.

У «Дыслакацыі» ужо два тыдні праводзяць заняткі онлайн, каб падтрымаць фізічную форму і зацікаўленасць танцамі вучняў, што самі сышлі на каранцін.

«Я не прашу ні ў каго грошай. Я прашу гарадскія ўлады, улады краіны, бо я веру, што нашыя людзі, наш урад не пакіне ні малы, ні вялікі бізнес. Галоўнае – нас душыць арэнда і камунальныя плацяжы», – тлумачыць сітуацыю кіраўніца танцшколы.

Недзяржаўных арэндадаўцаў таксама можна зразумець, кажа Ірына, – іх ад падаткаў ніхто не вызваляў. Акурат ад пачатку месяца вырасла базавая арэндная стаўка – цяпер гэта BR 17,85 за квадратны метр. Падобная праблема і ў школе танцаў «Golden Step», дзе да каронавіруса было пад 300 вучняў.

«Няма грошай заплаціць падаткі, няма чым заплаціць арэнду. І ўсё, жыццё скончылася. Няма грошай заплаціць сабе», – пералічвае ўмовы працы кіраўніца школы танцаў «Golden Step» Жанна Мяшкова.

Толькі сёлета, пасля 10-ці гадоў працы, Жанна Мяшкова здолела ладзіць заняткі на ўласнай пляцоўцы, узяўшы крэдыт. Цяпер расце толькі пеня.

«Рэкамендавана банкам было нешта спыніць – нічога падобнага, МТБанк як слаў СМС-кі «заплаціце», так і шле, як дасылаў лісты, так і дасылае», – іранічна ўсміхаецца прадпрымальніца.

Эпідэмія каронавіруса бʼе не толькі па індустрыі дзіцячай адукацыі, падкрэслівае эканаміст Аляксей Харкевіч. Усе працуюць у ранейшым прававым рэжыме і нясуць выдаткі.

«Каранцін у такой фармулёўцы – гэта форс-мажор, які дазваляе прыпыніць дзеянні дамоваў, замарозіць выплаты па крэдытах і арэнднай плаце. Гэта не толькі знізіць на іх нагрузку, але і падвысіць упэўненасць у заўтрашнім дні», – тлумачыць эканаміст.

Як мяркуе эксперт, абвяшчэнне каранціну, як у суседніх еўрапейскіх краінах, увяло б зразумелыя для ўсіх правілы і роўныя ўмовы працы.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Глядзі таксама