«Нешта кшталту выспы слёз». Як дзяржава хоча закрыць пытанне Курапатаў


У Курапатах у спрынтарскім тэмпе мае з’явіцца афіцыйны помнік: тры з паловаю тыдні на правядзенне конкурсу ды яшчэ чатыры дні – на падвядзенне вынікаў. Міністэрства культуры выконвае загад кіраўніка краіны.

«Усім бязвінным ахвярам 20-га стагоддзя». Гэтак агульна і абстрактна ўлады плануюць назваць памятны знак, які будзе ўсталяваны ў Курапатах паводле вынікаў конкурсу, які абвесціла Міністэрства культуры. Пра тое, што забойствы з ухвалы Сталіна чынілі чэкісты, натуральна, ні слова.

«Уся гэтая мітусня – гэта не спроба вырашыць праблему цывілізаваным шляхам ды пайсці насустрач грамадству. І зрабіць так, як трэба было зрабіць яшчэ 30 гадоў таму. А проста зачыніць пытанне, паставіўшы там нешта кшталту выспы слёз», – кажа Вацлаў Арэшка з грамадскай ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў».

Дакументы ўжо разасланыя ў зацікаўленыя арганізацыі. Уласна сам конкурс мусіць адбыцца за максімальна кароткі тэрмін – праекты можна падаць да 26-га красавіка, а ўжо 1-га траўня журы падвядзе вынікі.

«Адзінае, што ўлады мусілі б тут зрабіць, калі ў іх ужо прачнулася сумленне – гэта зрабіць просценькую, не пачварную, не вычураную агароджу. Ну і дапамагаць нам, валанцёрам, ахоўваць гэтае месца ад вандалаў», – кажа намеснік старшыні КХП БНФ Юрась Беленькі.

Тое, што ўлады паспрабуюць прыватызаваць Курапаты, стала відавочна пасля заявы галоўнага рэдактара «СБ. Беларусь сегодня» Паўла Якубовіча пра стварэнне ва ўрочышчы мемарыялу. Пра яго ж Якубовіч загаварыў пасля таго, як актывісты распачалі абарону тэрыторыі ля Курапатаў ад забудовы. А неўзабаве словы Якубовіча літаральна паўтарыў і Аляксандр Лукашэнка: «Хтосьці кажа, што і фашысты там расстрэльвалі. Маё меркаванне – якая розніца, хто там каго расстрэльваў?».

Не ведаем або не хочам ведаць? Зрэшты, да сёння не вядомыя не толькі імёны сталінскіх катаў, якія тысячамі забівалі бязвінных людзей, але і імёны іхных ахвяраў – улады Беларусі па-ранейшаму працягваюць хаваць праўду пра Курапаты, не раскрываючы архіваў.

«Цяжка думаць, што гэта можа быць дзяржава, якая адной рукой разганяе дэманстрантаў, саджае за краты абаронцаў Курапатаў, а другой збіраецца будаваць конкурс у Курапатах, – кажа Вацлаў Арэшка. – Гэта як мінімум выглядае дзіўна».

Выглядае дзіўным і тое, што ўлады, спрабуючы вывесці Курапаты з палітычнай сферы, самі раней зрабілі гэтае пытанне палітычным – найперш развярнуўшы махавік рэпрэсіяў супраць тых, хто насамрэч дбае пра народную памяць: адных адлічваючы з вучобы, іншых – кідаючы за краты і караючы рублём.

Віталь Бабін; фота: Васіль Федосенка / Reuters