Помнік князю Глебу Менскаму з'явіцца ў сталіцы 


Тое, што ў сталіцы з‘явіцца помнік князю Глебу Менскаму, стала вядома сёлета ў жніўні, але якім ён будзе вырашылі толькі днямі. У выніку ў Менску з’явіцца першы помнік у выглядзе коннай скульптуры. А што на гэта адмыслоўцы ды менчукі?

У Верхнім горадзе побач з Кафедральным саборам у наступным годзе ўсталююць конную скульптуру князя Глеба Менскага, сына Ўсяслава Чарадзея. Вершнік на кані з вяршыні пагорка будзе глядзець у бок Нямігі, дзе ў 12-м стагоддзі размяшчалася менскае гарадзішча.

Удзел у конкурсе на стварэнне помніка ўзялі ажно 17 аўтараў. А перамагла праца скульптараў Мікалая Байрачнага і Алега Купрыянава.

«Гэта будзе фігура, якая добра ўпісваецца ў існуючы ансамбль архітэктуры. У нашым разуменні князь на кані будзе памерам натура з чвэрцю або паўтары натуры. Гэта той памер, які глядзіцца на вуліцы натуральна», – Алег Купрыянаў, скульптар.

Князь Глеб – родапачынальнік менскай галіны полацкіх князёў. Менавіта дзякуючы яму, горад збудавалі на сучасным месцы. Заснавальнік Менскага княства ўвесь час стараўся пашыраць свае ўладанні: ваяваў з балтамі, захапіў Слуцак, а вось падчас чарговай вайны з Кіевам трапіў у палон і неўзабаве памёр.

«Ягоная фундатарская хрысціянская дзейнасць таксама не можа быць намі пазабытая. Для нас як жыхароў гэтага гораду вельмі важна, што гэта першы вядомы і дзейсны князь Менскага княства», – расказвае Алег Дзярновіч, гісторык.

Ці патрэбны Менску такі помнік, і ці падабаецца ім ягоны выгляд? Гэткае пытанне мы задалі жыхарам сталіцы, уласна нашчадкам Глеба Менскага.

«Помнік Глебу Менскаму ставіць варта, таму што ён адлюстроўвае гістарычную спадчыну нашай краіны».

«Ставіць яго або не ставіць? Ну калі ён падабаецца гораду, можна і паставіць».

«Я яго, шчыра кажучы, бачу ўпершыню. Але няхай будзе».

«Мне помнік падабаецца, але я не ведаю, хто такі Глеб Менскі».

Паводле аўтараў, сам помнік паўстане не раней за канец наступнага года, калі споўніцца 900 гадоў з дня смерці менскага князя.

Арцём Лява, belsat.eu