Помнік Касцюшку пасварыў беларусаў і палякаў. Што б сказаў сам Тадэвуш?


Працу над стварэннем помніка Тадэвушу Касцюшку ў горадзе Салятурн, дзе ён пахаваны, Асацыяцыя беларусаў Швейцарыі пачала амаль год таму. Планавалася ўрачыста адкрыць помнік 15-га кастрычніка, разам з польскімі дыпламатамі.

«Планавалася ад самага пачатку каб па-польску было напісана«Тадэвуш Касцюшка», і гэта быў наш кампраміс ад самага пачатку… І каб па-беларуску і нямецку было напісана »Сыну Беларусі ад удзячных суайчыннікаў«, – узгадвае Аляксандр Сапега, старшыня Асацыяцыі беларусаў Швейцарыі.

І пачаўся скандал

Фармулёўка «Сын Беларусі» аказалася непрымальнай для амбасады Польшчы ў Швейцарыі. Дыпламаты паставілі мэрыі Салятурна ўльтыматум: на шыльдзе – толькі польскае напісанне «Тадэвуш Касцюшка». У выніку помнік беларусы адкрыюць 21-га кастрычніка, без узгадавання Беларусі.

Не беларус і не паляк

Касцюшка нарадзіўся пад Слонімам, у Мерачоўшчыне. Ваяваў за Рэч Паспалітую, арганізаваў паўстанне 1794 года, змагаўся за незалежнасць ЗША. Але кім ён быў паводле нацыянальнасці?

«Яго больш правільна будзе называць сынам зямлі беларускай. Што да самаідэнтыфікацыі, Касцюшка сябе называць беларусам у той час не мог. Але ён самаідэнтыфікаваў сябе ліцвінам. Нарадзіўся ліцвінам і называў сябе ліцвінам да канца жыцця», – тлумачыць гісторык Алесь Радзюк.

Чаму нельга было дамовіцца загадзя?

Паводле Аляксандра Сапегі, канфлікт у Салятурне адбыўся, бо амбасада Польшчы ў Швейцарыі 8 месяцаў не адказвала на ягоныя афіцыйныя лісты пра помнік.

«Першая мая сустрэча з амбасадарам Польшчы ў Бэрне была 14-га верасня, за месяц да адкрыцця. І толькі тады мы пачалі размаўляць, якая мусіць быць шыльда», – распавёў ён.

МЗС Польшчы выказваецца асцярожна і кампрамісна

«Польшча мяркуе, што Тадэвуш Касцюшка – герой як Польшчы, гэтак і Літвы, Беларусі ды ЗША, універсальны герой чалавецтва, а не выключна «сын Беларусі» або «польскі генерал», – заявілі ў Міністэрстве замежных справаў.

Афіцыйны Менск сёння прадставіў асцярожную пазіцыю беларускіх уладаў: помнік Касцюшку гэта добра, і зроблены менавіта беларускім аб’яднаннем у Швейцарыі.

«Ідэя ўсталяваць помнік Тадэвушу Касцюшку можа і мусіць быць рэалізаваная без грубага ўмяшання каго-кольвек у дзейнасць грамадскага аб’яднання», – прадставіў афіцыйную пазіцыю Рэспублікі Беларусь прэс-сакратар ведамства Дзмітрый Мірончык.

Цяпер у інтэрнэце распачаўся збор сродкаў на ўсталяванне помніка Касцюшку ў Беларусі, у Мерачоўшчыне.

Калі б сёння Тадэвуш Касцюшка вярнуўся ў свет жывых і пабачыў спрэчкі між рознымі народамі на тэму чый ён – беларускі ці польскі? Што б ён сказаў нам, нашчадкам? Ці варта сварыцца між сабою за нацыянальнасць героя? Усё ж ён так сама змагаўся за нашу і вашу свабоду, за свабоду ўсіх людзей ад тыраніі і дыктатуры.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»