План Б: Апазіцыя заявіла, што зробіць, калі «адзінага» не зарэгіструюць


Прадстаўнікі часткі дэмакратычных сілаў распачалі кампанію вылучэння адзінага кандыдата для ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах. І хоць вылучэнне распачалося сёння, але хто стане адзіным кандыдатам ад апазіцыі, даведаемся не раней за травень.

Пачатак кампаніі па абранні адзінага кандыдата ад дэмакратычных сіл. Па другі бок зачыненых на ключ дзвярэй – марыянетка ад сябраў кампаніі за незалежнасць «Свабодны вецер», якія супраць удзелу ў выбарах. Андрэй Ягораў кажа:

«Такое падыгрыванне стварае сітуацыю, калі людзі могуць паверыць у рэальнасць выбараў, калі ёсць адзіны кандыдат, калі апазіцыя сапраўды ўдзельнічае, і ёсць сэнс на выбары ісці».

Удзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі варта лічыць адзін з апанентаў Юрась Губарэвіч:

«Прэзідэнцкая кампанія, у адрозненне ад парламенцкай, дае шанец на перамены. Важна не толькі, каб паверылі. Але каб узялі актыўны ўдзел у абароне сваіх галасоў».

Пасля Аляксандра Мілінкевіча ў 2006 годзе, адзінага кандыдата апазіцыя не вылучала, хоць спробы былі. У 2015 годзе перамовы скончыліся скандалам.

Працэдуру абрання дамовіліся правесці ў чатыры этапы, падчас якіх прэтэндэнты пазмагаюцца за ўмоўныя 100 балаў падтрымкі. Спачатку 5 арганізацыяў заснавальнікаў маюць па 2 балы, для аднаго прэтэндэнта, якога высунуць. Па трыццаць балаў размяркуюць на трох наступных этапах. Гэта будзе інтэрнэт-галасаванне праз адмысловую платформу. Галасаванне ў рэгіёнах на сустрэчах з людзьмі. І падчас Кангрэсу Дэмакратычных сіл, куды запросяць 100 дэлегатаў ад гэтых пяці арганізацыяў і 25 асацыяваных сябраў.

Мікалай Казлоў, старшыня Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі, распавядае:

«У выніку падчас гэтага Кангрэсу будзе абраная асоба, якая набрала найбольшую колькасць балаў і гэта будзе адзіны кандыдат. Усе астатнія, паводле дамоўленасці, аўтаматычна ўвойдуць у ягоную каманду і забяспечаць збор 100 тыс подпісаў і працу непасрэдна перад прэзідэнцкай кампаніяй».

Імя адзінага назавуць толькі ў траўні. А выбары могуць прызначыць ужо ў жніўні. Старшыня партыі БНФ, якая ўдзельнічае ў праймарыз, мяркуе, што хоць механізм і добры, вылучыць апазіцыйнага абранца можна хоць сёння.

Рыгор Кастусёў, старшыня Партыі БНФ:

«Я бачу гэтай асобаю Паўла Севярынца і мяркую, што Аляксей Янукевіч маю прапанову падтрымае і ён не будзе настойваць на працэдуры абрання ўнутры партыі БНФ па вылучэнні яго адзіным кандыдатам».

Іншыя 4 ўдзельнікі настроеныя вылучаць чальцоў уласных арганізацыяў. Калі сустаршыню Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Паўла Севярынца назавуць і ў БНФ, і ў БХД – ён атрымае ажно 4 балы на старце. Абаронца Курапатаў, арганізатар шэрагу вулічных пратэстаў, гатовы кандыдаваць:

«Я разумею, што гэтая кампанія – «крыж» для мяне, маёй сям’і і паплечнікаў. Але хто, калі не я? Ёсць кліч, ёсць падтрыманне БХД. Учора нацыянальная Рада БХД вылучыла мяне ў гэтыя праймарыз».

Ужо неўзабаве палітыкі паедуць у народ. Ці чакаюць іхнага візіту ў Бабруйску:

«Паглядзім, які кандыдат і што нам паабяцае добрага».

«І пажадана, каб было болей кандыдатаў, каб было з каго абіраць».

«Не будзе аніякіх альтэрнатыўных кандыдатаў і выбараў таксама не будзе».

Абʼяднаныя дэмакратычныя сілы прапануюць іншым апазіцыйным гульцам вылучаць кандыдатуры да 16 лютага. Далучыцца абяцае старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук.

Палітолаг Аляксандр Фядута ставіцца да апазіцыі скептычна:

«Як не выбірай і каго не выбірай, а не ўсе з гэтых людзей маюць правы, каб кіраваць аўтамабілем».

Затое маюць план… План А – адзіны кандыдат, пасля збору подпісаў і рэгістрацыі. План Б – байкот, калі «адзінага» не зарэгіструюць ці распачнуць рэпрэсіі падчас кампаніі.

Юлія Цяльпук belsat.eu