Першы кіраўнік незалежнай Беларусі распавёў, пра што цяпер марыць


Станіславу Шушкевічу – 85. Мы завіталі ў госці да першага Старшыні Вярхоўнага Савету незалежнай Беларусі і паразмаўлялі з ім пра тое, як ён патрапіў у палітыку і што чакае ад беларуска-расейскай інтэграцыі.Палітычным мінулым Станіслаў Шушкевіч не прызвычаіўся хваліцца. Прафесар, фізік-ядравік адзначыўся таксама працай у Беларускай акадэміі навук, у лабараторыях у Швейцарыі, Кітаі, ЗША, брытанскіх Кеймбрыджы і Оксфардзе. У вялікую палітыку, згадвае, трапіў дзякуючы авантуры калегаў з фізічнага факультэту БДУ.

«Мае сябры кажуць: у нас тут двух завалілі ў народныя дэпутаты, будуць перавыбары. Ты заўсёды здымаў сваю кандыдатуру. Мы заўтра цябе высунем на ўніверсітэцкім сходзе. Калі ты здымеш, мы больш з табой у застоллі ўдзельнічаць не будзем. Ну гэта пагроза», – узгадвае першы кіраўнік незалежнай Беларусі.

Выхаваны бацькам, адданым прыхільнікам ідэяў Савецкага Саюзу, Станіслаў Шушкевіч у выніку прасякнуўся ідэаламі беларушчыны. Афіцыйная нейтральнасць да апазіцыі ды сяброўства ў Камуністычнай партыі спрычыніліся да вылучэння ягонай кандыдатуры на пасаду старшыні Вярхоўнага Савету БССР. Будучы ўжо галоўным палітыкам краіны, ён прыняў гістарычныя для Беларусі рашэнні.

«Вывад ядравай зброі, гэта я на першае месца пастаўлю, і другое – Белавежская пушча. Расея ўпершыню, упершыню, заўважце, рукой прэзідэнта Ельцына прызнала, што мы незалежная дзяржава, і Дума гэта ратыфікавала», – распавядае Шушкевіч.

Гэтак, у 1991-ым у Віскулях Станіслаў Шушкевіч разам з кіраўнікамі Расеі ды Украіны падпісаў Белавежскае пагадненне, што спыніла існаванне СССР. Былыя калегі падкрэсліваюць сціпласць Шушкевіча. Ён нават не пераехаў з кватэры, у якой жыў да пасады старшыні Вярхоўнага Савету.

«Ён не ўмешваўся, у адрозненне ад Лукашэнкі, ён давяраў спецыялістам, прафесіяналам. Я б сказаў, добра яго ведаю па ягоных справах. Я лічу Станіслава Шушкевіча чалавекам высокай культуры, высокай адукацыі, дэмакратычных поглядаў», – распавядае былы старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч.

Заўжды апрануты з іголачкі беларускі Чэрчыл на пенсіі, якой яго фактычна пазбавіў Лукашэнка, зарабляў лекцыямі ва ўніверсітэтах за мяжою.

«Ёсць за што яго, напэўна, крытыкаваць. Але акурат і ў тым ягоная асаблівасць, што ён вельмі адкрыты і крытыку ўспрымае. Ён вельмі просты чалавек, мне з ім было проста. Ён застанецца ў гісторыі Беларусі, у адрозненне ад тых, хто хацеў толькі ўлады. Ён хацеў дабра для Беларусі», – кажа сябра палітрады АГП Аляксандр Дабравольскі.

Дабра для краіны Станіслаў Шушкевіч хоча і цяпер, у няпростыя часы перамоваў аб паглыбленні беларуска-расейскай інтэграцыі.

«Я хачу, каб Беларусь была беларуская. Гэта мая мара», – кажа ён.

Глядзіце сюжэт Юліі Лабанавай у поўным выданні навінаў за 15 снежня