Першы кандыдат на прэзідэнта – адмовіўся ад выбарчай кампаніі


Сабраць 100 тысяч подпісаў – такая задача стаіць перад кандыдатамі на ўдзел у выбарчай гонцы. Ініцыятыўныя групы і самі прэтэндэнты гэтымі днямі выходзяць на вуліцы, каб іх сабраць ці заклікаць выбарнікаў не ўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі.

Былы кіраўнік Парку высокіх тэхналогіяў Валерый Цапкала прыйшоў на свой пікет разам з жонкаю: кажа, што ініцыятыўная група рашучая сабраць патрэбную колькасць подпісаў, хоць патэнцыйныя кандыдаты ўжо цяпер працуюць у няроўных умовах.

«Кандыдаты ўсе ў абсалютна няроўных умовах: у кагосьці ёсць адміністрацыйны рэсурс, у кагосьці ёсць вельмі вялікія грошы, а камусьці даводзіцца абапірацца на энтузіязм людзей», – кажа Валеры Цапкала.

Напярэдадні Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ўжо сабраў за сябе ўдвая больш за неабходную колькасць подпісаў – дзвесце тысячаў. Грамадская арганізацыя «Белая Русь» запісвае ахвотных у былым пісьменніцкім будынку – менскім Доме літаратара. Але ажыятажу тут няма.

«За нашага цяперашняга прэзідэнта збіраем – Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку. Не ведаю, колькі сабралі: мы яшчэ не закрывалі падпісных лістоў, таму лічбы назваць не магу», – кажа збіральніца подпісаў Вольга Каплонава.

Падтрымаць Аляксандра Лукашэнку сваймі 30 тысячамі сабраных подпісаў пастанавіў адзін з кандыдатаў на ўдзел выбарчым працэсе – Алег Гайдукевіч – і зняў сваю кандыдатуру на карысць дзейнага кіраўніка краіны.

«Гэта маё права як кандыдата прыняць такое рашэнне. Гэта асэнсаванае рашэнне, якое звязанае з тым, што я прыйшоў у палітыку не на адзін дзень і не на адзін год. І настроены не толькі на вынік, але і на тое, каб нашая краіна станавілася лепшаю», – тлумачыць старшыня ЛДП Алег Гайдукевіч.

Адмовіцца ад удзелу ў выбарчай кампаніі на вуліцах Менску сёння заклікаў яшчэ адзін магчымы кандыдат – Юрый Губарэвіч.

«Лукашэнку мы перажывем – я перакананы ў гэтым. Але падчас пандэміі каронавіруса нельга праводзіць ніякія выбары. І мы патрабуем пераносу выбараў пасля пандэміі», – заяўляе лідар руху «За свабоду» Юрый Губарэвіч.

Толькі асобныя прэтэндэнты здолеюць зарэгістравацца на далейшы ўдзел прэзідэнцкай гонцы, але хада кампаніі будзе залежаць ад сцэнара, напісанага ўладамі, мяркуе адмысловец.

«Вялікае пытанне: ці захоча Лукашэнка гуляць паводле такога тонкага сцэнара – а-ля кампанія-2010. Магчыма, будзе выбраны больш лапідарны сцэнар, каб не рызыкаваць. І тады, магчыма, у выбарчым бюлетэні будуць тры-чатыры прозвішчы», – мяркуе палітолаг Аляксандр Класкоўскі.

Перыяд збору подпісаў за рэгістрацыю кандыдатаў на прэзідэнта прадоўжыцца да 19 чэрвеня.

Галіна Абакунчык, «Белсат»