Ператрусы – сімвал палітычна значных для Беларусі падзеяў. Аб чым сведчыць ператрус на «Белсаце»?


Была б патрэба, а прычына на ператрус заўжды знойдзецца. Медыяэксперты і працаўнікі «Белсату» адзначаюць, што ціск праз вобшукі распачынаецца зазвычай у часе палітычна значных для грамадства падзеяў. Гэтак папярэдні ператрус на Белсаце здзейснілі пасля масавых пратэстаў недармаедаў вясною 2017 года.

Роўна два гады таму офіс Белсату на Кастрычніцкай у Менску наведвалі тыя ж госці. Журналіст Алесь Залеўскі ладзіў стрым з месца падзеяў:

«Супрацоўнікі адно патлумачылі факт, што будуць канфіскоўваць усю прадукцыю, на якой кірыліцаю – па-беларуску ці па-расейску ці лацініцаю напісана «Белсат».

Прэтэнзіі да лагатыпу «Белсат» тады меў кіраўнік айчыннае фірмы «БЕЛСАТплюс». У межах адміністратыўнай справы «аб парушэнні аўтарскіх правоў» праваахоўнікі аднак не кранулі рэчаў з гандлёвым знакам… Забралі тэхніку і электронныя носьбіты. Аляксей Мінчонак, тагачасны афіцыйны прадстаўнік «Белсату» у Беларусі:

«Асноўная мэта таго, што адбылося сёння, – гэта спаралізаванне нашай працы з тэхнічнага боку. То бок нас пазбаўлялі тэхнічных магчымасцяў працаваць».

Добра памятаюць белсатаўцы і спробы ўвайсці ў папярэдні офіс тэлеканалу. Дзеля гэтага ў лютым 2010 года затрымалі аднаго з журналістаў…

«Тыя, хто яго затрымлівалі, цвердзяць, што ён быў п’яны, а ў кватэры магчыма знаходзіцца алкагольны прытон», – распавядае Міхась Янчук, тагачасны афіцыйны прадстаўнік «Белсату» у Беларусі.

Гэтак выглядалі дзверы ў той офіс напрыканцы снежня 2010 года. Тады ператрусы прайшлі і ў кватэрах некалькіх супрацоўнікаў «Белсату».

«Яны знайшлі панятых і пачалі пытацца, ці я маю рэчы, якія маюць дачыненне да падзеяў 19-20 снежня 2010 года», – гаворыць Кацярына Ткачэнка, каардынатарка офісу «Белсату» у Менску.

Гаворка пра прэзідэнцкія выбары 2010 года, якія скончыліся масавымі пратэстамі нязгодных з іх вынікамі і наймацнейшымі ў найноўшай гісторыі Беларусі рэпрэсіямі.

У прамежку 2010 – 2017 ператрусаў у арэндаваных «Белсатам» памяшканнях не было, аднак перыядычна з ордэрамі праваахоўнікі прыходзілі да аўтараў ці суаўтараў грамадска значных матэрыялаў. Журналіст-фрылансер Алесь Дзянісаў:

«Праводзіўся ператрус яшчэ і ў маёй маці, у маёй прысутнасці, але я сваіх подпісаў не пакідаў. Для мамы гэта быў сапраўдны шок, а за ім – сардэчны прыступ».

Яшчэ адзін спосаб ціску на наш тэлеканал – буйныя штрафы. Агулам выплаты перавысілі $ 85 тыс. Сярэдні штраф для журналіста нібыта за працу без акрэдытацыі – у эквіваленце каля $ 400.

«Вядома, што гэта высокія фінансавыя страты, журналісты ўвесь час пад ціскам, бо органы ўсіх ведаюць у твар. Але нашыя журналісты ўсё роўна выходзяць, каб даносіць інфармацыю да нашых гледачоў», – кажа афіцыйная прадстаўніца «Белсату» у Беларусі Ірына Слаўнікава.

Штрафуюць за працу без акрэдытацыі, дакументы на якую кіраўніцтва Белсату складае ў Міністэрства замежных спраў штогод. Пакуль – без станоўчага выніку.

«Зразумела, што зʼяўленне Белсату заўжды ўспрымалася ўладамі ў штык. Гэта адзіны тэлеканал, які падае не падцэнзурную інфармацыю, такою як яна ёсць», – тлумачыць Барыс Гарэцкі, БАЖ.

І гэта глядзяць. Інфармацыйныя і публіцыстычныя матэрыялы «Белсату» маюць значна больш праглядаў у сацсетках, чымся прадукты дзяржмедыяў.

«Дзяржаўныя медыі прайгралі інтэрнэт.Недзяржаўныя медыі выйгралі інтэрнэт, таму мы мусім быць заўжды насцярожаныя», – мяркуе Барыс Гарэцкі.

Асабліва напярэдадні выбарчай кампаніі, у часе якой не толькі ад палітыкаў, але і ад медыяў залежыць грамадская думка.

Юлія Цяльпук, belsat.eu