Ператрус у рэдакцыі «Ежедневника»


«Мяне замовілі, канкрэтна і сурʼёзна». «Еўрапейскае радыё для Беларусі» апублікавала ліст затрыманага напярэдадні галоўнага рэдактара інтэрнэт-выдання «Ежедневник», на офісе якога Камітэт дзяржкантролю сёння зладзіў ператрус ды забраў усю дакументацыю рэдакцыі!

Падчас ператрусу ў офісе выдання «Ежедневник» былі двое супрацоўнікаў Дэпартаменту фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржкантролю і брат затрыманага Сяргея Сацука – Аляксандр.

«Канешне гэта звязана з яго прафесійнай дзейнасцю. Паколькі да гэтага, пасля артыкулу прыходзіў чалавек і казаў, што яго ці пасадзяць, ці забʼюць. А пасля пачаўся дзіўны суд у Эканамічным судзе Менску. Пасля гэты рэпартаж на беларускім тэлебачанні са змантаваным відэа. Дзе ён там нібыта бярэ канверт, напісана аператыўныя здымкі. Але тады чаму не затрымалі ў момант здзяйснення злачынства?», – Кажа брат затрыманага Аляксандр Сацук.

Галоўнага рэдактара вядомага анлайн-выдання «Ежедневник» Сяргея Сацука затрымалі напярэдадні. Абвінавачання пакуль не высунулі. Калегі Сацука на сайце выдання «Ежедневнік» апублікавалі сваю рэакцыю на затрыманне журналіста.

«Мы ацэньваем затрыманне Сяргея Сацука не як фрагмент барацьбы беларускай праваахоўнай сістэмы з хабарнікам. А як фрагмент барацьбы карупцыянераў з чалавекам, які адважыўся паквапіцца на іхную выбудаваную сістэму» – заяўляюць журналісты «Ежедневника».

Неадкладна вызваліць Сяргея Сацука і закрыць крымінальную справу запатрабавала Беларуская асацыяцыя журналістаў.

«Пераслед Сацука матываваны яго артыкулам адносна сітуацыі з каронавірусам. На нядаўняй нарадзе Лукашэнка даў загад разабрацца з тым, хто распаўсюджвае інфармацыю не тую як хацелася б бачыць на версе. І праз два дні пасля публікацыі Сяргея яго затрымалі. Мы бачым ціск на журналістаў, журналістаў якія асвятляюць і цікавяцца самай важнай і актуальнай праблемай на дадзены момант. У гэтым таксама бачым запалохванне іншых журналістаў», – кажа Барыс Гарэцкі, намеснік старшыні «БАЖ».

«Хутчэй за ўсё супраць яго ўзбуджаная нейкая крымінальная справа, сутнасць справы на жаль да гэтага часу невядомая. Мы ўважліва сочым за тым, што адбываецца і чакаем інфармацыі ад сваякоў ці іншых крыніц», – кажа Алег Агееў, юрыст «БАЖ».

Яшчэ некалькі месяцаў таму, калі Сяргей Сацук адчуў ціск і ўвагу сілавых структураў, ён пакінуў тэкст на выпадак свайго затрымання ў рэдакцыі «Еўрарадыё». Між іншага, у тэксце журналіст кажа пра выступ на «Белсаце» на тэму карупцыі ў Міністэрстве аховы здароўя, пасля якога ціск на яго ўзмацніўся.

«У выніку аналізаў соцень тэндараў што ў Беларусі ёсць цэлая сістэма набывання медтэхнікі… рынак падзелены, структурай і ніхто знешні туды дакладна залезці не можа». – Кажа Сяргей сацук.

Паводле жонкі Сацука, заўтра будзе вырашацца: ці вызваляць журналіста, ці пакінуць у ізалятары.

Кірыл Смяглікаў, «Белсат»