Перадвыбарчы «ПСІХО3%»: улады затрымліваюць актывістаў


Са старту выбарчай кампаніі не прайшоў яшчэ і месяц, а ўлады ўжо затрымалі дзясяткі палітычных актывістаў. Сяргея Ціханоўскага змясцілі ў карцар. Але затрымліваюць не толькі сябраў ініцыятыўных груп канкурэнтаў Лукашэнкі, ня толькі грамадскіх актывістаў, але нават вопратку.

Хваля затрыманняў і арыштаў не спыняецца. За ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу соднямі пакаралі сябраў «Еўрапейскай Беларусі» Арцёма Чарняка і Міхаіла Бандарэнку ды блогера Дзмітрыя Казлова, вядомага як Шэры Кот. У Віцебску затрымалі актывіста Мікалая Качурца.

«Калі таго ці іншага актывіста затрымалі, то сваякі, канечне, не павінныя сядзець склаўшы рукі, яны павінныя пісаць скаргі, звяртацца ў органы міліцыі з заяваю: знік чалавек, мы не ведаем, дзе ён. Калі супрацоўнікі міліцыі затрымліваюць (незалежна ад таго, адміністрацыйная гэта справа ці крымінальная), яны абавязаныя паведаміць!» – раіць праваабаронца Леанід Судаленка.

Два тыдні таму невядомыя ў цывільным выкралі лідара партыі «Народная грамада» Мікалая Статкевіча. Пазней аказалася, што палітык адбывае адміністратыўны арышт. Распачаць справу аб выкраданні праваахоўнікі адмовіліся і выслалі палітыку пратакол аб новай адміністрацыйнай справе.

«Кваліфікаваць іхныя дзеянні я магу як супрацьпраўныя, незаконныя і абсалютна юрыдычна непісьменныя», – абураная жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч.

Блогера Сяргея Ціханоўскага да 19-га чэрвеня змясцілі ў карцар СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску. Стала вядома пра затрыманне чарговага сябра ягонай каманды – блогера Улада Караленкі. Яго вінавацяць у распаўсюдзе парнаграфіі.

«На сёння нам вядома пра 10 чалавек. Спачатку затрымалі дзевяцёх, затым выпусцілі аднаго, а пазней затрымалі яшчэ дваіх», – паведаміў Аляксандр Кабанаў, сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай.

З пятніцы заблакаваныя рахункі найстарэйшай страхавой кампаніі краіны – «Кентаўр». У ёй, а таксама ў кампаніях «ПрыватЛізінг» і «Белгазпрамбанк» Камітэт дзяржкантролю 11-га чэрвеня правёў ператрусы. У справе аб ухіленні ад сплаты падаткаў затрымалі 15 чалавек – заявіў Аляксандр Лукашэнка. У злачынствах ён абвінаваціў і свайго апанента – Віктара Бабарыку.

«З вялікаю верагоднасцю яго калі будуць арыштоўваць, то будуць рабіць гэта пасля таго, як яго не зарэгіструюць у якасці кандыдата», – прагназуе палітолаг Вольга Харламава.

Ужо затрымалі дваіх сябраў ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі, адзін з якіх – кіраўнік гомельскага філіялу «Белгазпрамбанку» Сяргей Кармызаў. У менскі офіс установы следчыя зноў прыйшлі ў суботу. Ператрусамі і намерам уладаў Беларусі паставіць свайго кіраўніка абураныя ўладальнікі банку – расейскі «Газпром» і «Газпромбанк». Ці заступіцца за апанентаў Лукашэнкі Крэмль?

«Бабарыка і сам топ-менеджар. Удзел яго і ўдзел іншых топ-менеджараў сведчыць пра тое, што яны маюць прынамсі маўклівы дазвол. Людзі такога ўзроўню не прымаюць рашэнняў самастойна», – зазначае Вольга Харламава.

Улады затрымліваюць не толькі сябраў ініцыятыўных групаў. Учора менскія міліцыянты сканфіскавалі ў кур’ера крамы SYMBAL.BY больш за 400 кашулек з надпісам «Псіхо3%».

«Гэта мусіла быць першая партыя. Цягам 10 дзён мы збіралі перадзамовы. Іх была вельмі вялікая колькасць. Мы іх збіраліся высылаць і па Беларусі, і за мяжу. Некаторыя збіраліся забраць у краме. Да крамы яны аднак не даехалі: не даязджаючы да крамы, кур’ера спынілі», – распавядае касірка крамы SYMBAL.BY Вольга Ігнатовіч.

Каго ўлады спыняць на першым этапе кампаніі, а каго зарэгіструюць, мы даведаемся пасля таго, як прэтэндэнты здадуць подпісы. На збор застаўся роўна тыдзень.

Аляксандр Папко, «Белсат»