Перадвыбарчы аванс


Заробак за травень вырас амаль на 3 адсоткі. Улады рапартуюць: заробкі павысіліся. Працоўныя кажуць: выплаты змяншаюцца. Хто мае рацыю?

На трыццаць чатыры рублі больш. Белстат зафіксаваў рост заробкаў у траўні. Сярэдні беларус цяпер атрымлівае 1227 рублёў, або 514 долараў. У рублёвым вымярэнні заробкі растуць. Праўда, у доларавым – застаюцца ніжэйшыя за мінулагоднія.

«Заробкі і пенсіі – гэта пытанне палітычнае. І выклікае нават здзіўленне, чаму яны такімі павольнымі тэмпамі растуць у перадвыбарчы перыяд», – каментуе старэйшы аналітык «Альпары Еўразія» Вадзім Іосуб.

Айчынная эканоміка ледзьве справілася з наступствамі падзення цэнаў на нафту і эканамічнага крызісу ў Расеі. Праз глабальны каранцін Сусветны банк сёлета прагназуе нашай краіне новы спад. Ці павышэнне заробкаў у такой сітуацыі выльецца ў інфляцыю?

«Галоўнае негатыўнае наступства – гэта пагаршэнне фінансавага становішча прадпрыемстваў. Я б перш за ўсё чакаў праблемаў з гэтага боку», – кажа эксперт даследчага цэнтру BEROC Дзмітрый Крук.

Урад павышае не толькі заробкі, але і пенсіі. З 1 ліпеня сярэдняя пенсія павялічыцца на 23 рублі ды дасягне 470 рублёў.

«Мы планавалі павысіць пенсіі. Тым не менш, я ўрад папрасіў перанесці пазнейшае павышэнне сюды. У нас крыху ёсць грошай. Мы павінныя ветэранам і пенсіянерам дапамагчы, наколькі гэта магчыма. Гэта не папулізм. Гэта не дзеля нейкіх выбараў. Я ніколі так не рабіў», – заявіў кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Ці паўплывае павышэнне заробкаў і пенсіяў на галасаванне падчас прэзідэнцкіх выбараў? Вось што адказваюць жыхары Віцебску:

«Зменшацца кошты на праезд, зараз дададуць стыпендыі студэнтам. Ну, мы ж дарослыя людзі…»

«Калі перакананні ёсць, то хіба іх за грошы можна купіць?»

«Я б і так пайшла галасаваць, усё роўна – паднялі або не зарплату ці пенсію».

«Заробкі, якія павышаюць на 24–23 рублі, нічога не вырашаюць. Гэта для падтрымання штаноў, якія звальваюцца ва ўсіх, ва ўсяго народу».

Згодна з загадам Лукашэнкі, Нацыянальны банк з ліпеня панізіць стаўку рэфінансавання – з 8 % да 7,75 %. Прадпрыемствам стане лягчэй узяць крэдыт. Праўда, аб’ём грошай у эканоміцы ўжо расце ўдвая хутчэй, чым планаваў Нацбанк.

«Калі і далей галава дзяржавы, выканаўчая ўлада, Адміністрацыя прэзідэнта будуць даваць наўпроставыя загады Нацыянальнаму банку, што і калі яму рабіць, то ў гэтым выпадку фінансавая стабільнасць, макраэканамічная стабільнасць не будзе гарантаванай», – папярэджвае старэйшы аналітык «Альпары Еўразія» Вадзім Іосуб.

«Я не магу сказаць, што грашовыя ўліванні ўжо дасягнулі такога размаху, што сталі пагрозай сёння, аднак у перспектыве некалькіх месяцаў гэтая пагроза рэалістычная», – мяркуе Дзмітрый Крук.

Нават таго невялікага росту заробкаў, пра які кажа афіцыйная статыстыка, сацыялогія пакуль не заўважыла. У апытанні, праведзеным парталам «Работа.tut.by», 43 адсоткі грамадзянаў заявілі, што іхныя заробкі за апошнія 3 месяцы ўпалі.

Аляксандр Папко, «Белсат»