ПЭН-цэнтр: З новай старшынёю і без канфліктаў


Ідэалагічны і грашовы скандал папярэднічаў зʼезду беларускага ПЭН-цэнтру. Майстры пяра, якія днямі біліся вострымі словамі ў сацыяльных сетках, сёння сустрэліся і, падобна, дасягнулі паразумення, а таксама абрАлі новую кіраўніцу арганізацыі – нобелеўскую лаўрэатку Святлану Алексіевіч.

Што цяпер можа змяніцца ў абʼяднанні літаратараў, распавядзе Аляксандр Папко.

За нобэлеўскую лаўрэатку прагаласавалі 44 удзельнікі з‘езду Беларускага ПЭН-цэнтру з 59 прысутных. ПЭН – гэта абрэвіятура ад словаў «паэты», «эсэісты», «навелісты». Аб‘яднанне літаратараў абараняе свабоду слова і правы творцаў, праводзіць літаратурныя фестывалі ды ўручае прэміі. Як зменіцца ПЭН-цэнтр пры новай старшыні?

«Нам трэба станавіцца смялейшымі і больш заяўляць пра сябе і сабрацца. Мы можам перамагчы тады, калі мы разам, калі нас многа. Гэта датычыць не толькі ПЭНу, гэта датычыць увогуле ўсяго нашага жыцця», – заявіла новаабраная старшыня пэн-цэнтру Святлана Алексіевіч.

Са словаў пісьменніцы, узначаліць ПЭН-цэнтр яна пагадзілася з прычыны канфлікту ў арганізацыі. Крок да яго развязання дэлегаты зʼезду ўжо зрабілі. Яны вярнулі ў шэрагі аб‘яднання публіцыста Сямёна Букчына, пісьменнікаў Сяргея Шапрана і Паўла Севярынца, якіх раней выключылі за нясплату ўнёскаў.

«Павел Севярынец – чалавек вельмі востры, і калі ён зʼяўляецца ў такой аўдыторыі, вострымі становяцца ўсе: і яго прыхільнікі, і тыя, хто не прымае яго пазіцыяў», – паведаміў публіцыст Сяргей Дубавец.

Падчас галасавання за аднаўленне Севярынца больш за 10 дэлегатаў пакінулі залу, не пагадзіўшыся з фармулёўкаю пытання і працэдураю.

«Гэта іх асабісты выбар. Гэта іх эмоцыі. Я не выключаю, што частка з іх ужо шкадуе, што яны так зрабілі. Я бачыў прынамсі пяць чалавек, якія сышлі, а потым вярнуліся і ўдзельнічалі ў працы і выбары новага кіраўніцтва», – пракаментаваў пісьменнік Уладзімір Арлоў.

Днямі Павел Севярынец заявіў, што не плаціў унёскаў на знак нязгоды з кіраўніцтвам ПЭН-цэнтру, якое прапагандуе «культурны марксізм», ЛГБТ і, цытата, «на дух не пераносіць хрысціянаў». Перад з’ездам пісьменнік і палітычны актывіст выплаціў унёскі і папрасіў вярнуць яго ў шэрагі абʼяднання.

«Пры выбарах рады прынамсі тры чалавекі, якія, на мой погляд, нецярпіма ставяцца да хрысціянства, не былі абраныя ў раду. Склад рады новы. Там людзі, з якімі я аднаго духу, людзі, з якімі я гатовы працаваць. Мы паразмаўлялі і са спадарыняй Святланай, мы паразмаўлялі з Таццянай Нядбай, з Лявонам Пятровічам Баршчэўскім, Уладзімірам Арловым. Я думаю, што мы спрацуемся», – выказаў спадзяванне пісьменнік Павел Севярынец.

Надзеі на пераадоленне ідэалагічных супярэчнасцяў і павышэнне аўтарытэту беларускага ПЭН-цэнтру апытаныя намі пісьменнікі ўскладаюць на Святлану Алексіевіч. У пачатку кастрычніка нобэлеўская лаўрэатка стала адной з пяці віцэ-старшыняў міжнароднага ПЭН-клубу.

Аляксандр Папко, «Белсат»