Паводле адмыслоўцаў, першыя крокі Уладзіміра Зяленскага ва ўладзе абваляць ягоны рэйтынг


Прэзідэнцкія выбары ва Украіне з ашаламляльным вынікам выйграў актор, які папярэдне добра адрэпетаваў ролю кіраўніка дзяржавы ў папулярным тэлесерыяле «Слуга народу». Ці пачне краіна цяпер жыць, як у кіно? А калі не, то як хутка народная любоў можа ператварыцца ў заклятую нянавісць? Пра настроі ўкраінцаў – Адэля Дубавец.

73 адсоткі ўкраінцаў даверылі лёс сваёй дзяржавы навічку ў палітыцы, які паабяцаў змяніць старую карумпаваную сістэму і стварыць краіну мары. Ці жыхары Кіева ўжо адчуваюць подых пераменаў?

« – Вы ўчора галасавалі?

– Так.

– Задаволеныя вынікамі выбараў?

– Не».

«Гэта новы зусім чалавек, магчыма, ён будзе дзейнічаць па-іншаму».

«Ён жа не ў тайзе. Вакол разумныя людзі, падкажуць, дапамогуць».

«Гумар заўжды ратаваў Украіну. Гэта нашае ментальнае. Калі ўкраінцам было вельмі кепска, нам ён дапамагаў. Пачуццё гумару – высокаінтэлектуальнае пачуццё».

Уладзіміра Зяленскага адразу ж крытыкавалі за адсутнасць канкрэтыкі ў праграме і сувязь з алігархам Ігарам Каламойскім. Ягоны электарат падзелены дыяметральна супрацьлеглымі поглядамі на развіццё дзяржавы і чаканнямі ад будучага прэзідэнта. Некаторыя адмыслоўцы сцвярджаюць, што якімі б ні былі першыя крокі Зяленскага ва ўладзе, яны адразу абваляць ягоны рэйтынг.

«Як мінімум палова рэйтынгу ў яго ўпадзе цягам першага паўгоддзя, яму трэба будзе заняць канкрэтную пазіцыю ў ключавых пытаннях. Напрыклад, каля 40 % хочуць у NATO, а яшчэ каля 40 % выступаюць за нейтральны статус», – кажа Віталій Бала, Агенцтва мадэлявання сітуацыяў.

Адзін з асноўных спадзеваў, які ўскладаюць на Зяленскага, што ён прасуне наперад барацьбу з карупцыяй. Адное з асноўных абяцанняў ягонага штабу – дазволіць бізнесоўцам, у тым ліку алігархам, легалізаваць свае даходы за 5 адсоткаў для дзяржавы. А далей – новы закон аб абароне людзей, якія паведамляюць пра карупцыйныя злачынствы, праца на недапушчальнасць карупцыі на ўсіх узроўнях.

«Максімальная ліквідацыя тых карупцыйных працэдураў, на якіх чыноўнікі зарабляюць грошы. Гэта продаж дазволаў, даведак, дамоваў і ўсяго іншага. Скасаванне і абмежаванне імунітэтаў, за якімі хаваюцца чыноўнікі і палітыкі. Аднаўленне Закону аб незаконным узбагачэнні», – тлумачыць Руслан Рабашапка, антыкарупцыйная палітыка, каманда Зяленскага.

Разам з тым, паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы дастаткова абмежаваныя. Каб пасадзіць у турму, знізіць тарыфы або спыніць вайну не хопіць аднаго валявога рашэння або ўказу.

«Прэзідэнт у дзяржаве не можа вырашыць усяго. У адрозненне ад іншых прававых парадкаў, у іншых дзяржавах, у нас прэзідэнт – гэта канкрэтная пасада, якая абмежаваная 106 артыкулам Канстытуцыі. Гэта кароль у шахматах, ён ходзіць на адну клетачку, але ён вельмі важны. Дык вось для нас важна, каб усе на дошцы гралі сумленна і за Украіну», – гаворыць Руслан Стэфанчук, законатворчасць, каманда Зяленскага.

Людзі ж, як паказваюць апытанні, чакаюць ад прэзідэнта менавіта імгненных рашэнняў і хуткіх зменаў нават у тых сферах, якія не залежаць ад кіраўніка дзяржавы. Пытанне ў тым, ці зможа «народны кандыдат» растлумачыць гэта народу.

Адэля Дубавец, belsat.eu

Фота: Anna Marchenko / TASS / Forum