Паводка ў Іркуцку: колькасць ахвяраў павялічваецца


Надзвычайны рэжым у Іркуцкай вобласці ўвялі толькі на трэці дзень паводкі – калі стала вядома пра першых загінулых. З-за недахопу інфармацыі аб блізкай бядзе шмат хто не паспеў падрыхтавацца да супрацьстаяння стыхіі.

«Сандалі, куртка рабочая, дакументы. Дакументы на дом паспеў, выратаваў!»

Гэты мужчына згубіў жытло. Некаторыя, як Павел Васілеўскі, страцілі блізкіх. Калі прыйшла вада, Паўлава бабуля была на лецішчы. Па мясцовым радыё казалі, што ўзровень вады хутка ўпадзе, і яна засталася ў доме…

«Апошні бабулін званок быў маме. І яна казала ўжо, што сядзела на камодзе, вады было да горла, з двума сабакамі на руках. Яна проста развітвалася. І казала – прабачце за ўсё», – распавядае Павел Васілеўскі.

Павел тым часам тэлефанаваў ратавальнікам. Але ўратаваць бабулю не атрымалася. Як сцвярджаюць актывісты і валанцёры, праца МНС у зоне паводкі адрозніваецца ад карцінкі ў федэральных медыях.

Аляксей Тупіцын, кіраўнік цэнтру «Грамадзянская згода»:

«Першы канвой ад МНС прыйшоў праз 3 дні пасля патопу, калі вада ўжо падаць пачала. Плюс, што ў Іркуцку збіраюць, вось я сёння відэа запосціў. Людзі, ну я не ведаю, там свінства, вядома, клеяць таблічкі – гуманітарная дапамога з эмблемай «Адзінай Расеі». Хоць людзі проста прыносяць, ні ад якой партыі, ні ад каго».

Паводле валанцёраў, супрацоўнікаў МНС не відаць ні ў месцах збору гуманітарнай дапамогі, ні на самых залітых участках. Захар Сарапулаў, валанцёр:

«Канкрэтна нас каардынуе кіраўнік аднаго пасёлку – мэр, можна казаць. Мы кааперуемся з адміністрацыяй. Але вось канкрэтна МНС, прынамсі на нашым участку, не працуе».

Участак, на якім працуе Захар, займае 100 квадратных кіламетраў. На гэтай тэрыторыі каля 2 тысяч чалавек засталіся адрэзаныя ад цывілізацыі, без чыстай вады, ежы і электрычнасці.

«Там каля 5 тысяч дамоў затопленыя, прычым дамы там не проста затопленыя, іх яшчэ і знесла плынню – гэта значыць, людзі наагул без дамоў засталіся», – распавядае Захар Сарапулаў.

Сіноптыкі даюць несуцяшальныя прагнозы: у бліжэйшыя дні ў Іркуцкай вобласці чакаюцца дажджы, якія могуць яшчэ пагоршыць сітуацыю.

«Калі да вас будзе падыходзіць вада, не слухайце медыяў, не слухайце сваіх кіраўнікоў. Вышэйшых. Не верце нікому. Калі ведаеце, што вада прыбывае, – лепш ратуйцеся, бярыце рэчы. Ці не апынайцеся ў такой сітуацыі, як мая сям’я», – гаворыць Павел Васілеўскі, пацярпелы.

Колькасць ахвяраў паводкі штодня расце. Сёння гаворка ідзе пра як мінімум 12 загінулых, 9 зніклых без вестак і 153 шпіталізаваных.

Ян Вярбіцкі, belsat.eu