Пацярпелыя ад забудоўніка запісалі відэазварот да Лукашэнкі

640 сем’яў праз відэа звярнуліся да кіраўніка краіны ў справе будоўлі жыллёвага комплексу «Аркадыя». І хоць гэта ўжо пяты з ліку зварот менчукоў, які зʼявіўся ў інтэрнэце, яны спадзяюцца, што Лукашэнка ўсё ж дапаможа аднавіць справядлівасць.

Жыллёвы комплекс «Аркадыя» месціцца ў Менску, у раёне Сельгаспасёлку. Забудоўнік, кампанія «Тамбаз», здала большасць будынкаў, але ў траўні 2017 года праца на двух дамах спынілася. Фінансавалася будоўля за кошт аблігацыяў, набываных дольнікамі. Яны цалкам аплацілі кошт сваіх кватэраў, але забудоўнік збанкрутаваў: дырэктара кампаніі Льва Хаюціна вінавацяць у нядбайнасці і злоўжыванні службовым становішчам, цяпер ён пад следствам.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Адзін з пацярпелых, Уладзімір Валянцейчык, пастанавіў набыць кватэру ў «Аркадыі» увесну 2017-га, у той час, калі жыллёвы комплекс актыўна будавалі. Калі праз некалькі месяцаў у «Тамбазу» пачаліся праблемы, ён неаднойчы пратэставаў супраць забудоўніка. У тое, што апошні відэазварот спрацуе, Уладзімір не верыць. Але кажа, што такі метад – спроба прывабіць увагу чыноўнікаў.

«Узімку 2017-18 гадоў, калі яшчэ былі ўзгадненні ў нашай сітуацыі наверсе, чыноўнікі яшчэ нерваваліся. Пасля лютага 2018 года было бачна, што ўсе супакоіліся, пра ўсё дамовіліся. Зверху ставіцца задача: супакоіць людзей, не дапусціць сацыяльнай напружанасці», – сцвярджае Уладзімір Валянцейчык.

Наконт «Аркадыі» быў прыняты загад № 430 кіраўніка краіны. Паводле яго завяршаць будоўлю будзе кіраўніцтва капітальнага будаўніцтва Савецкага раёну сталіцы. Уладзімір сцвярджае, што на апошняй сустрэчы з адміністрацыяй Савецкага раёну інтарэсы пацярпелых разглядаліся ў апошнюю чаргу.

«Інтанацыі былі цёплымі: мы вам дапаможам, пойдзем насустрач і гэтак далей. А калі казаць аб фактах, то на гэты момант аніводная з нашых прапаноў не была прынятая», – кажа ён.

Атрымаць каментар у адміністрацыі Савецкага раёну сталіцы не ўдалося: адказная асоба была недасяжная. Адвакат Андрэй Мачалаў адзначае, што сітуацыя з «Аркадыяй» першая такая ў беларускай практыцы. І яна ўскрыла шмат праблемаў у беларускім жыллёвым заканадаўстве:

«Калі б не быў прыняты загад прэзідэнта, то людзі маглі б разлічваць толькі на частковае вяртанне сродкаў у межах працэдуры банкруцтва забудоўніка. Загад, які быў прыняты аб гэтым комплексе, крыху спрасціў жыццё людзей і стварыў ім дадатковыя гарантыі», – тлумачыць адмыслоўца.

Сёння прыблізны тэрмін здачы аднаго са шматпакутных дамоў – канец наступнага года. Другі ж будзе гатовы не раней за 2021 год. Каб мець магчымасць жыць ва ўжо аплочаных кватэрах, пацярпелыя мусяць даплаціць ледзь не палову ад ужо ўнесенай сумы.

Ксенія Тарасевіч belsat.eu

Глядзі таксама