Пасылкі і паштоўкі – у падтрымку вязняў

Некалькі разоў на тыдзень грамадская актывістка і валанцёрка Марфа Рабкова ўласнаручна збірае харчовыя перадачы ды адносіць у СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску. Тут утрымліваюць Сяргея Ціханоўскага і дзевяцёх ягоных паплечнікаў.

«Часта людзей абмяжоўваюць у доступе да інфармацыі, да лістоў, спатканняў ніякіх няма. І для іх перадача – гэта не толькі дапамога матэрыяльная, але вестка з нашага боку: мы з вамі, мы пра вас памятаем, усё добра – трымайцеся», – кажа Марфа Рабкова.

Супраць блогера і сябраў ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай вядзецца крымінальная справа паводле артыкулу аб парушэнні грамадскага парадку і ґвалце над міліцыянтам. Праваабаронцы прызналі актывістаў палітычнымі зняволенымі.

У Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна ў Менску перадачы зняволеным не прымаюць амаль тыдзень. Прычына – нібыта «неспрыяльная эпідэмічная абстаноўка». З гэтай жа прычыны да зняволеных не дапускаюць нават адвакатаў.

Сёння мусіў выйсці на волю Мікалай Статкевіч, аднак яго зноў асудзілі на дадатковыя пятнаццаць содняў, палітык застаўся за кратамі. Жыхар Салігорску Аляксандр адмыслова прыехаў у Менск сустрэць Мікалая Статкевіча, але ня здолеў нават аформіць перадачу.

«Вельмі цікавы момант, чаму нельга перадаць перадачу. Міністэрства аховы здароўя паведамляла, што праз рэчы вірус не перадаецца, можна рэчы апрацаваць. І незразумела, чаму парады можна праводзіць, выбары можна праводзіць, а перадаць зняволенаму перадачу нельга», – абураецца Аляксандр.

Незалежна ад месца зняволення лісты і паштоўкі могуць атрымаць усе вязні. Гэтак, духоўнае падтрыманне наладзіла Згуртаванне беларускіх студэнтаў: раз на тыдзень моладзь збіраецца, каб падрыхтаваць пісьмовую карэспандэнцыю, а таксама даведацца пра зняволеных.

«У гэтай ініцыятывы дзве галоўныя ідэі: першая – гэта, безумоўна, падтрымліваць вязняў – усіх тых, хто апынуўся ў няволі. А з іншага боку, гэта адукацыя людзей у галіне абароны правоў чалавека, грамадскіх чынаў і агулам усяго, што адбываецца ў дзяржаве», – паведамляе Дар’я Рублеўская.

Ці ведаюць пра з’яўленне новых палітзняволеных у Беларусі менскія мінакі?

«Па праўдзе кажучы, не было магчымасці цікавіцца гэтымі падрабязнасцямі, таму нічога не магу пракаментаваць».

«Так, я пра гэта чуў. Думаю, што тут не можа быць палярнасці меркаванняў. Тут усім мусіць быць зразумела, што гэта самавольства, тэрор».

«Калі не ведаеш нічога, цяжка нешта казаць. Але, калі субектыўна, то не ўсё бывае чэсна і не ўсё бывае добра».

«Маё асабістае меркаванне, што такога быць не павінна ў дэмакратычнай краіне. Таму я спадзяюся, што мы ўсё ж такі пройдзем гэты этап сваёй гісторыі і будзем жыць як годныя беларусы».

Адсутнасць інфармацыі ёсць таксама ціскам на зняволеных, але самым жорсткім праваабаронцы называюць перашкоды ў кантактах з адвакатамі.

«Ёсць інфармацыя, што адвакаты, якіх накіроўвалі сваякі, не могуць трапіць да зняволеных з прычыны эпідэмічнага становішча. Але гэта непрымальна: чалавек мае права на абарону і адвакат мае права размаўляць са сваім падабаронным», – заяўляе праваабаронца «Вясны» Алег Пашкевіч.

Днямі затрымалі яшчэ пятнаццаць банкіраў і бізнесоўцаў з атачэння патэнцыйнага кандыдата на прэзідэнцтва Віктара Бабарыкі. А сёння па пятнаццаць содняў атрымалі яшчэ трое актывістаў.

Галіна Абакунчык, «Белсат»

Глядзі таксама