Паспець за 60 хвілін: у Менску прайшоў «Пацалункавы марафон»


Пацалункі спрыяюць выпрацоўванню гармонаў шчасця, зніжаюць узровень стрэсу і крывяны ціск ды нават узмацняюць імунітэт. Сёння каля паўсотні чалавек сабраліся ў Менску на «Пацалункавы марафон», каб паказаць свае пачуцці і атрымаць пуцёўку ў рамантычнае падарожжа. На «Пацалункавым марафоне» ацэньваецца не толькі працягласць, але і крэатыўнасць. Пары танцуюць, малююць, пішуць вершы і нават вяжуць! А галоўны прыз – падарожжа ў Туніс – атрымала пара, якая ў шлюбе ўжо 17 гадоў і мае трох дзяцей.

«Муж нават не ведаў да сённяшняга дня, што мы будзем удзельнічаць. Проста цалаваліся, як для сябе».

«Жонка папрасіла проста заплюшчыць вочы і проста цалавацца», – кажуць пераможцы марафону Таццяна і Дзмітрый.

Пацалункі карысныя ня толькі для здароўя. На іх грунтуецца рамантыка ў стасунках, сцвярджае псіхолаг і сексолаг Ганна Макеявец:

«Калі мы цалуемся, мы становімся шчаслівымі. Пары, у якіх згасаюць стасункі, менш цалуюцца. Яны могуць займацца сексам, але не цалавацца».

Сусветны рэкорд самага доўгага пацалунку належыць пары з Тайланду, якая цалавалася на працягу 58 гадзін 35 хвілін і 58 секунд. У беларусаў жа ёсць толькі 60 хвілінаў.

«Пад канец адкрылася другое ці нават трэцяе дыханне. Мы сталі больш інтэнсіўна цалавацца, абдымацца, гладзіць адно аднаго. А напачатку думка: «Толькі б не чхнуць!», – кажа ўдзельнік марафону Аляксандр.

«Мне было вельмі цяжка! У мяне за хвілін 20 зацякла спіна, сцёгны балелі вельмі, бо мы калыхаліся. Для мяне як праца цэлая», – наракае Валерыя.

«А я з радасцю цалаваў каханую жонку», – смяецца Дзмітрый.

Пацалункавы марафон прайшоў у Менску ўпершыню і прысвечаны Дню ўсіх закаханых. Арганізатары не выключаюць, што паўтораць імпрэзу – і ў больш шырокім фармаце.

Ксенія Тарасевіч, «Белсат»