Палітолаг Павел Усаў: «Пасля выбараў будзе мілітарысцкі рэжым»

Аляксандр Лукашэнка павіншаваў прэзідэнта ЗША з Днём Незалежнасці, і, сярод іншага, пазычыў перамогі на прэзідэнцкіх выбарах. Днём раней дзяржсакратар Злучаных Штатаў Майк Пампэа ў віншаванні беларускіх грамадзянаў з дзяржаўным святам незалежнасці заклікаў афіцыйны Менск зрабіць усё магчымае, каб прэзідэнцкія выбары ў Беларусі былі свабоднымі і справядлівымі, з удзелам шырокага кола кандыдатаў і са свабодай сходаў для грамадзянаў. Пакуль што са свабодай сходаў відавочныя праблемы. На Дзень незалежнасці ў розных гарадах Беларусі затрымалі як мінімум 17 асобаў.

Пакуль у цэнтры Менску, перакрытым аўтазакамі і людзьмі ў цывільным, Аляксандр Лукашэнка з сынамі ўскладваў кветкі да помніку Перамогі, у Берасці спецназаўцы ў масках затрымлівалі людзей, якія сабраліся ля тэатру эстрады. Затрымлівалі за несанкцыянаваныя апладысменты. Як патлумачыла прэс-служба МУС, такім чынам міліцыянты ахоўвалі грамадскі парадак. Адносна сямі затрыманых распачалі адміністратыўны працэс.

Затрыманні ўсіх без разбору – гэта свядомая стратэгія аксамітнага тэрору супраць народу, перадусім тых, хто звычайна не быў палітычна актыўным, мяркуе палітолаг Павел Усаў.

«Асноўнае, чаго баіцца на сёння дзейны палітычны рэжым – бескантрольнага ўсебеларускага пратэсту і незадаволенасці. Асабліва калі гэта сканцэнтруецца ў нейкай адной даце, напрыклад, 9 жніўня», – кажа адмысловец.

Затрыманні, у тым ліку проста на выхадзе з дому, адбыліся ў Гомлі, Магілёве, Мастах, Барысаве і Маладзечне. У сталіцы міліцыянты вывезлі на аўтобусе цяжарную жанчыну з мужам, якія проста прысутнічалі на ўрачыстасцях з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.

Вось што думаюць пра масавыя рэпрэсіі жыхары і госці Менску:

«Мне падаецца, яны баяцца нашых пратэстаў, таму і забіраюць усіх. У чарзе ты стаіш ці проста на вуліцы».

«Я за ўсе дэмакратычныя каштоўнасці, але трэба разумець, у якой ты краіне, калі гэта робіш».

«Валкоў баяцца – у лес не хадзіць. Трэба выказваць сваё меркаванне, бо ў гэтым нічога супрацьзаконнага».

«Улада нашая зажэрлася. А жывем так, што працуеш-працуеш, а нічога сабе дазволіць не можаш. Ні жытла, нічога».

Дагэтуль улада Лукашэнкі трымалася перадусім на пакупцы лаяльнасці выбарнікаў, мяркуе палітолаг Сяргей Нікалюк. Але сёлета гэтая сістэма паказала сваю слабасць.

«У гэтым годзе сітуацыя ў эканоміцы яўна негатыўная, ВУП скарачаецца, а афіцыйна прыбыткі працягваюць расці. І вось ужо ліпень, а ў ліпені падвысілі пенсіі. Гэта безумоўна галоўны рэсурс улады», – падкрэслівае Сяргей Нікалюк.

Як падлічылі міжнародныя недзяржаўныя арганізацыі, сёлета Беларусь на апошнім месцы ў «індэксе забароны катаванняў» сярод 8 краінаў АБСЕ.

«Лукашэнка не робіць нічога, каб нейкім чынам вярнуць грамадства да ўнутранай стабільнасці, гэтых рэсурсаў няма, бо ягоная ўлада для большасці стала незаконнай. Людзі бачаць, што яны абапіраюцца выключна на сілу», – тлумачыць Павел Усаў.

Як мяркуе Павел Усаў, пасля выбараў палітычны рэжым Аляксандра Лукашэнкі канчаткова аформіцца як мілітарысцкі рэжым, які існуе за кошт рэпрэсіяў, а не грамадскай падтрымкі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Глядзі таксама